Дзіўная была тая, на гульню ў пінгпонг падобная, савецкапольская вайна 1919–1920 гадоў. Мячык улева – мячык управа, толькі паспявай круціць галавою. Увесну дваццатага ізноў вырашылі выступіць у паход палякі, ізноў мячыкам адляцелі чырвоныя – не забыўшы, аднак, прыхапіць з таго ж ваенкамата ўсе да адной паперкі; тая ж сатанінская абачлівасць, аператыўнасць! Калі з’явіліся раніцаю на службу з партфелямі пад пахамі Чайка, Кецка, СокалКутылоўскі, дзверы ваенкамата былі насцеж. У пустых кабінетах яшчэ трымаўся кіслы махорачны пах; крокі на калідоры адбіваліся гулкім рэхам.
І так (нявесела пажартаваў Чайка), праступае ва ўсім гэтым хаосе нават пэўная цыклічнасць. Прыход палякаў – на хутар да дзядзькі, прыход чырвоных – назад у ваенкамат… А на хутары сустрэлі халаднавата. Не кінулася на шыю і не назвала татам сінявокая малеча, уздыхнула цётка, адвёў вочы дзядзька… Голад, лішні рот! Але і Чайка быў ужо іншым – ведаў, што доўга яму тут не гасцяваць, не забудзе пра яго тая сіла, што ганяе яго па свеце; раз ужо ўзялася апекавацца над ім, дык гэта ўсур’ёз і надоўга. І не перамагчы, не пераламаць яе – і ніякая ўдава не паможа… Так і атрымался. Вельмі скора тэнісіст узмахнуў ракеткаю – адляцелі палякі, прыкаціліся чырвоныя, і паперадзе іх дзве чуткі, добрая і кепская, на выбар: добрая, што ўсім такім як Чайка дарована будзе амністыя, і кепская – ніякай літасці дэзерцірам.
Вось так ён апынуўся ў фурманцы СокалКутылоўскага. І два былыя савецкія супрацоўнікі прыкацілі ў нічыйны пакуль Слуцк. Да іх прыезду рыхтаваліся. Чалавек пяцьсот дабраахвотнікаў ужо былі пастроены на пляцы.
Што гэта за авантура, Чайку стала ясна адразу ж, як толькі ён вокам акінуў гэтае амаль бяззбройнае, абыяк адзетае войска, калі ўлавіў у вачах дабраахвотнікаў такі знаёмы – задужа знаёмы! – фанатычнабяздумны бляск, а на тварах убачыў рашучасць ісці на ўсё і да канца. Спачатку яму зрабілася смешна. Ён азірнуўся на СокалКутылоўскага: ці не разыгрываюць яго? Можа, усё гэта проста спектакль? Нічога падобнага. Беларускі дваранін, крадком змахнуўшы слязіну, быў сур’ёзны, урачысты, у вачах яго свяціўся той самы фанатызм – і гонар. Яму і ў галаву не прыходзіла, што ў беларуса могуць не пабегчы па спіне дрыжыкі