Адзін паранейшаму рыбу лавіў, па садах лазіў, начамі бульбу пёк у прысаку і слухаў дзедавы байкі«паданні», адны й тыя ж, якія з кожным годам усё больш прыядаліся, і ўжо зразумела было, наколькі яны прымітыўныя, нястрашныя; далей не сягала цёмная сялянская фантазія Аўдзея. Чым больш Паўлік падрастаў, тым больш душа прагнула іншых казак, больш рэальных, дарослых… Такіх, што маглі б спраўдзіцца ў жыцці. «А што, – думалася часамі хлопцу, падсаджанаму бацькам на воз духмянага сена, лежачы на ім і гледзячы ў нябёсную далёкую беласінь, – а што, каб знайшоўся асілак, ды ўсё перавярнуў? Перакуліў бы так, каб воз плыў па небе, а чалавек ехаў галавою ўніз… Вось гэта была б карціна!.. Цікавей, чым лухта пра русалак, якіх ніхто ніколі не бачыў, бо іх няма…»
«А што, – думаў ён, не Паўлік ужо, а дзевятнаццацігадовы навучэнец Слуцкай гімназіі Павел, – думаў, адной рукой пашчыкваючы цёмную нітачку першых вусікаў, а другой мякка пагладжваючы шэранькую, стэарынам заляпаную вокладку забароненай брашуркі, – а што, як праўда тут напісана?.. І калі проста ўзяць, ды ўсё памяняць месцамі?.. Бедных пасяліць ў шыкоўныя палацы, багацеяў – у курныя хаты… Цікава было б! Гэта табе не тое, што воз па небе едзе дагары нагамі…»
«А што калі, – думаў, сланяючыся па засыпанай нечаканым для сакавіка густым снегам Варшаве, ловячы на сабе зіркі шустрамлявых полечак (а на далёкай Случчыне нудзілася маладая жонка з дзіцём), студэнт юрыдычнага аддзялення Варшаўскага універсітэта – не Павел ужо, а «сьведамы беларусадраджэнец» Павал: – А што, калі – чым чорт не жартуе! – і нам грамадою ўзяцца?.. Чым мы горшыя за тых жа пшэкаў? Яшчэ й лепшыя… Займець сваю рэспубліку, свой урад, гэта ж уйююй!.. Гэта табе не «ад багатых адабраць ды бедным раздаць»… Вось гэта казачка – і якая рэальная, як лёгка можна спраўдзіць яе!..»
Апынуўшыся ў нейкім скверыку, галасістым, стракатым ад дзятвы, што ваявала паміж сабой снежкамі, не ўтрымаўся і наш Павал. Сцягнуў пальчаткі, зачэрпнуў зпад ног снегу і зляпіў халодны, вясной, маладосцю і сілаю пахнучы камяк (той самы, які праз шэсць гадоў дакоціцца да прыфрантавога «нейтральнага» Семежава цэлай лавінаю), нізам запусціў яго з горкі і той пакаціўся, пакаціўся, набіраючы хуткасць, абрастаючы снегам…
А што ж другі?
Другі за светам, у сваім Уладзівастоку, фарсіў казённай формаю (з формы ён так і не вылезе