– А каб яшчэ лепш запомнілі, – ціха працягваў Чайка, ледзь прыкметна змяніўшыся ў твары, – для яшчэ лепшага запамінання я вас арыштоўваю!
– Арыштоўвай, – пасміхнуўся Мірончык.
– Це! – хутка сказаў Чайка. – Арыштоўвайце!
– Паслухай, парень, тут табе не твая Расія і не царская армія, тут не выкаюць і не чёкаюць…
– Маўчаць!!! – гаркнуў Чайка, і Мірончык адхіснуўся, аж конь пад ім прысеў.
– У Семежаве зараз жа далажыць любому камандзіру, што арыштаваны, здаць зброю і самавольна адпраўляцца пад арышт! Усё ясна?!
І ў Мірончыка твар таксама змяніўся, пайшоў плямамі, заторгалася ў ціку шчака, звузіліся вочы… Рука з бізуном узляцела раптам уверх…
– Э, э! – канчай мне тут! – усклікнуў Даніла, пад’язджаючы.
Невядома, які быў бы ўсяму гэтаму канец, калі б Чайка хоць рухам адрэагаваў, каб хоць чым выдаў спалох. Але ён не зварухнуўся, і Мірончык, выдыхнуўшы, адвёўшы вочы, зрабіў выгляд, што ўскінуў руку ўсяго толькі каб казырнуць.
– Так точьна, ясна! – і стаяў так, з прыкладзенай да скроні рукою, пакуль Чайка з ардынарцам не ад’ехалі; тады ўслед ім пачулася нягучнае: – Камуняка блядская!..
– Штошто?! – Даніла схапіўся за шаблю, крутнуў каня, не спускаючы вачэй з Чайкі: дайце адно знак!.. Але кампалка як і не пачуў, не азірнуўся нават (і дарма, бо заўважыў бы, якое ажыўленне пры словах Мірончыка прабегла па твары чырвонага камандзіра).
Данілу нічога не заставалася, як павярнуцца і ехаць следам, з адчуваннем пабітага сабакі…
Семежава засталося ззаду. Насупраць вызнянскай дарогі яны пусцілі коней уброд праз мелкую тут Морач. Тыя неахвотна палезлі ў сцюдзёную ваду, крышачы капытамі ўмерзлую ў прыбярэжжа снегавую кашу. На сярэдзіне спыніліся, Даніла пасвістаў і коні зноўтакі з неахвотаю, бы робячы гаспадарам паслугу, нагнулі шыі і пацыркалі вады. Пераправіўшыся, далей паўз канаву, аброслую голым алешнікам і вербалозам, уехалі ў лясок. Затым падняліся на пагорак, усеяны старымі і новымі крыжамі, свежастаўленымі і пагнілымі агароджамі – тут пачыналіся местачковыя праваслаўныя могілкі. За ўвесь час кампалка не прамовіў ні слова, ехаў, трымаючы ў адной руцэ павады, другой ўсё церабіўмучыў парэзаны падбародак. Маўчаў і Даніла, ён каяўся, што – «ардынарац!» – так спусціў усё з рук гэтаму крывашлапаму дурню… А можна ж было калі не шабляю пару разоў па спіне перацягнуць, дык хоць бы словам паслаць, куды ў такіх выпадках пасылаюць…
Усё пазіркваючы збоку на панурага камандзіра, на гэты яго асабліва ў профіль прыгожы, «пісарскі» твар, на хлапечую чупрынку, што выбілася зпад фуражкі, Даніла і сам пахмурнеў. Ён думаў, што ніхто ў брыгадзе, акрамя яго, не ведае пра Чайку ўсяе праўды. «Камуняка!..» Ды гэты «камуняка», пакуль ты са сваім Балаховічам па лясах гойсаў ды яўрэяў шпыняў па мястэчках, – «камуняка» незлічоныя ордэны на франтах пазаслугоўваў, у Генштабе служыў, з самім Урангелем