Ім было за што і, галоўнае, за каго ваяваць, – а за іх было каму маліцца. У іх былі хаты, бацькі, жонкі, дзеці, ім збіралі ў дарогу хатулі і торбы, хрысцілі іх услед; яму ніхто не збіраў аніякай торбы, ніхто яго не праводзіў – дзядзька яшчэ з цямна быў дзесьці ў лесе, цётка, калі ён сядаў да СокалКутылоўскага ў фурманку, якраз карміла скаціну і калі і перахрысцілася, дык ад таго толькі, што нарэшце сплаўляе Бог з селішча забыўшага меру госця…
Такія вось прычыны і такія вынікі з іх, – паныла думаў Чайка, а снег тым часам суняўся, Морач даўно павярнула ў абход мястэчка. Уперадзе віднеліся крайнія семежаўскія хаты. «І ўцягнуў жа мяне чорт ва ўсё гэта…»
– Павал Пятровіч, – гляньце! – перапыніў яго думы радасным воклічам Даніла.
Чайка падняў галаву. Ардынарац паказваў кудысь за агароды, на вуліцу, паралельную той, што была перад імі.
ХІ
Спраўджваліся ранішнія чуткі – ішоў на злучэнне са случчакамі полк з Грозава, колькасцю не менш тысячы. Хвост доўгай калоны віўся вужакаю, упаўзаючы ў Семежава. Калі Чайка з Данілам наўпрасткі, агародамі, выбраліся на гэтую ж вулічку, іх заўважылі.
– Чайка, хлопцы!
– Cам Чайка, камандзір! – паляцела з хваста ў галаву. «Вужака» зламалася, пярэднія, не разумеючы, што там такое, марудзілі, азіраліся, заднія наступалі ім на ногі… Чайка неахвотна, адно дзеля таго, каб не парушаць гэтага ходу, прышпорыў бедную кабылу і трушком паскакаў уперад; Даніла за ім.
– Гураа! – крычалі ім радасна.
– Слава Чайку!
– Баян, хлопцы! Баян хутчэй!
І праўда – зараз жа наперадзе пачуліся гукі разладжанага інструмента. Не паспеў баяніст яшчэ як след прабегчыся пальцамі па «галасах», як грымнула, заглушыўшы і баян, і брахню сабак за платамі, песня – без запявалы, тысячным “харалам”:
Адвеку мы спалі і нас разбудзілі,
наўчылі, што трэба рабіць!
што трэба свабоды,
зямлі чалавеку,
што трэба зладзеяў пабіць!
Гэтае «пабіць!!!» так гаркнулі, што пад Чайкам, які вымушаны быў спыніцца і ўзяць пад казырок, шарахнулася кабыла, а самаму заклала вушы. І ў каторы раз, а цяпер асабліва, раздражненне «марсэльезай» дрыжыкамі прабегла па спіне; так прыкра стала ад гэтага наіўнарабскага прызнання, што доўга спалі (канечне, само сабой мянялася «п» на «р»)… Было штосьці, шкадобы вартае, і ў разладжаным баяне, і