Увесь час штосьці замінала. Позіркі? Можа, і позіркі, хто іх ведае. Але магу сказаць, што хлопчык, канечне, празьмерна няўпэўнены. Ані ў чым. Ні ў сабе, ні ў астатніх. Гэта можа выклікаць непажаданыя наступствы. І тады шляху назад ужо ня будзе, і пляваць на тое, што ўсе мы выдатна ведаем, што яго і так няма, ды што ўсё гэта толькі спробы сябе супакоіць. Варта прызнаць, што часам яны аказваюць свой уплыў на псыхіку, нават у большасьці выпадкаў, калі ўжо па шчырасьці. Трэба мець на ўвазе, што ўсе сродкі самаабароны, самаабароны ад сябе, ужо даўно ў крыві, ды нават зьяўляюцца часткаю даволі пасьпяховага бізнэсу.
ПРАДАЙ СЯБЕ, ВАСІЛЁК!!! ЗАДОРАГА! ЯК МАГА ДАРАЖЭЙ!
Ня чуе, ён ізноўку ў сабе і адышоў ужо вельмі далёка. Далёка наперад, туды, дзе сонца рудымі промнямі залівае новыя фасады старых будынкаў і сынтэтычныя кветкі, што так ярка квітнеюць на сталёвых апорах ліхтарных слупоў. Туды, дзе будучыня ўсьміхаецца загадкавымі вачыма фотавыявы на крыле аўтобуса. Без прычыны, без аніякага ўяўленьня пра наступствы, якія пацягне за сабой гэтае спазьненьне на электрычку і ўсе гэтыя нікому не патрэбныя стосы перапэцканай нотнай паперы. Радасьць залатых багоў. Танцы на цэнтральнай плошчы – найяскравейшая праява любові да галоўнага горада і яго галоўнага чалавека, пра якіх ніхто ніколі нічога ня чуў.
Ах, якія вы прыгожыя, дарагія майму сэрцу, любімыя мае адлюстраваньні сухіх галінаў у мяккай вадзе асфальта! Падаюць кропелькі і ўзьнікаюць колы. Асацыяцыі…
Усё было цудоўна. Нават і не магла прыгадаць, калі яшчэ было гэтак вясёла. Усё было проста ды спакойна. Усьмешка не пакідала яе твару. Галоўнае, што ў паветры зьявіўся ледзьве чутны, амаль што незаўважны, але ўсё ж натуральны водар надзеі, быццам бы лёгкае воблачка, што пакідае на сэрцы пяшчоту. А ў галаве заставалася чысьціня ды выразнасьць. Канечне, Хо было пляваць на сусьветную рэвалюцыю ды на галодных дзяцей чорнага кантынента. Сёньня яна была лёгкай ды вясёлай. Шчасьлівай, калі ня страшна так казаць.
Цукеркі, віно, жарты ды сьмех. Бясконцы шпацыр па начных вуліцах і парках. І ўвесь вечар небеспасьпяховыя спробы адагнаць думку аб тым, што рана ці позна гэта ўсё скончыцца. Але гэта сэкунды, толькі маленькія пылінкі ў параўнаньні зь цёплымі позіркамі, што столькі абяцаюць. Зялёнае лісьце падавалася ўдвая зелянейшым у сьвятле ліхтароў. Два цені на бліскучай плітцы алеі ды словы, па сутнасьці, ні пра што, але разам з тым іх бы хапіла, каб апісаць усё жыцьцё. Хо п’янела ды лавіла на сваіх вуснах тую рэдкую для яе ўсьмешку. На імгненьне дзеўчына выхапіла гэтую думку і раптам заўважыла, што сапраўды на яе твары апошнім часам было куды больш іроніі ды сарказму, куды больш бессэнсоўнага колкага зьдзеку, чым такой цеплыні. Ды і было гэта ўсё зусім ня ейным. Быццам бы штосьці