Ультрарамантыка!
“Годна ўздымай да неба вышэй
Сьцяг перамогі над сьветам!”
Асадка бегала па паперы. Вочы блішчэлі. Уз’юшанасьць ды захапленьне. Але праз два імгненьні – невыразны цень марнасьці, ды зноўку тысячы самаходавых колаў, і яшчэ ўвесь гэты фон: рухавікі, людзі, вецер, птушкі ды лёгенькі халадок за каўнер. Дзеці восені малююць карцінкі ды ствараюць настроі. Мокрыя пасьля дажджу лавы. Калі прыгледзецца, то можна пабачыць, як у кропельках вады адлюстроўваюцца верхнія паверхі будынкаў, дроты, неба, афарбаванае ў колеры лакіраванага дрэва. Калі ўзірацца, то можна пабачыць куды больш, чым аб’ектыўную рэальнасьць, але ўсё ж такі ёсьць нейкая небясьпечнасьць зайсьці настолькі далёка, што ейныя віры зацягнуць з галавою, …а людзі прызначаць пэнсію па інваліднасьці.
Але… Ізноўку падвіс…
А тым часам на суседняй лавачцы зьявіліся Бусьлік ды Воўк Вова.
– Добры вечар, шаноўныя хлопчыкі і дзяўчынкі!
– Прывітаньне, сябры!
– Ведаеш, Вова, калі я ўчора віў сабе гняздо на даху галоўнага будынка, то выпадкова пабачыў, як галоўны чалавек, што жыве ў галоўным пакоі…
– Паслухай, Бусьлік, давай кажы адразу, а то мы з рабятамі ўжо хутка стомімся ад усіх гэтых тваіх бясконцых, мля, адвечных гэтых тваіх прадмоваў, мля… хопіць нам галоўных!
– Добра, добра, Вовачка не хвалюйся, я больш ня буду, ня буду, ня буду!
– Ну дык не цягні ж, Бусьлік! Кажы хутчэй, нам насамрэч вельмі цікава!
– Ну дык вось, кажу. Сядзеў я сабе спакойна ды віў гняздо на даху галоўнага будынка. А гэты галоўны чалавек раптам адчыніў акно і пачаў крычаць што было моцы: “Дайце мне дажджу! Я больш так не магу! Дапамажыце ж мне хто-небудзь! Дайце дажджу!!! Божа! Божа, калі ты мяне чуеш, дай мне дажджу!” – ён уздымаў рукі да неба і плакаў. Я бачыў, як з вачэй яго ліліся аграмадныя сьлёзы, як ён енчыў, бы маленькі хлопчык. “Божа, зьлітуйся нада мною, толькі да цябе ўзношу я свае малітвы! Ніспашлі мне дажджу, і тады я пастаўлю табе помнік на галоўнай плошчы самага галоўнага горада!”
– Бусьлік, а Бусьлік? А што гэта ты сьвісьціш?! А ты не сьвісьці!
– А я й не сьвішчу, гэта мы, бусьлікі, так размаўляем.
– Дакладна не сьвісьціш?
– Не.
– Ну добра, тады мы з рабятамі табе паверым і папросім вас працягваць свой даклад.
– Ну Вовачка, які ж гэта даклад. Гэта толькі казка на ноч. Каб нашыя хлопчыкі і дзяўчынкі добра спалі і не варочаліся ў ложках.