…НАРОДА!
Ну вось і добра. Так куды лепей. Было б з-за чаго напружвацца. Фіранка ізноўку вярнулася на сваё месца, ды пальцы пацягнуліся, каб у чарговы раз паставіць трэк спачатку. Вось так.
А можна яшчэ паднапружыцца трошку, каб ня так ужо безгустоўна было. Напружыцца ды зламіць нагу. Галоўнае, каб усё прыгожа атрымалася, каб пасьля фоткі ўдалыя і ўсё такое. Лепей у двух месцах. Ды па краёх перчыкам чорненькім пасыпаць. Але ня есьці! Ні ў якім разе! Гэта ўсё ж такі мастацтва. Жыцьцё як адзін вялізны мастацкі твор, шкада толькі, наскрозь сьмяротны.
Усё ж файна. Так? Як ты? Нармальна?.. Ну й добра. Для хваляваньняў няма ніводнай прычыны. Хо часам падабалася крыху падзагнацца, ды пазмагацца з загонамі. Нічога ж дрэннага ў гэтым няма. Натуральна, што яна не ўзіралася ў гэтыя свае звычкі, сама была толькі чалавекам, аб’ектам, створаным уласнымі ж рукамі. Такое вось незаўважнае для сябе, ціхае ды крыху дзіцячае падваеньне асобы. Але гэтак у кожнага. Што тут такога незвычайнага? Што кепскага? Усе глядзяць на сябе ў люстэрка ды знаходзяць там некага яшчэ. Можна ж сабе дазволіць яшчэ нешта прыемнае, акрамя самой сябе? Натуральна, заўжды ёсьць штосьці звонку, тое, што неяк адрозьніваецца ад таго, што ўнутры. Але навошта Хо разважаць над усім гэтым? Канечне, у адказ можна было толькі хмыкнуць ды “оойооойоооойо”… ці штосьці такога кшталту. А на скрайні выпадак – паказаць язык і ўсьміхнуцца свайму адлюстраваньню. Усе прыстасаваньні дзейнічаюць безадказна. Усе мэтодыкі распрацаваныя і пастаўленыя на службу чалавеку.
Сонца. Зашмат сонца для восені. Але на самой справе так толькі падаецца. Жоўтыя дрэвы не падмануць, і можна намаляваць колькі заўгодна выяваў, але заўжды зразумела, чым усё гэта скончыцца. Паступовае паніжэньне тэмпэратуры, няроўная сьцежка, што вядзе наўпрост у абветраны сьнежань. Толькі зь цягам часу яна вытоптваецца і ператвараецца ў паўнавартасную шашу, на якой няма за што воку зачапіцца. Усё роўна і аднолькава. Ды ўсё менш падазрэньняў на гэты конт. Быццам бы ўсё так і мае быць. Час выраўняе ўсё ды ўсіх. І кожны, хто пра гэта думае, рана ці позна забываецца, перастае на гэта зважаць, і неўзабаве ўсё прыходзіць да нормы. Няма чаго казаць, быццам бы для верасьня ў горадзе зашмат сьвятла, няма чаго разводзіць рукамі ды штучна ствараць падзеі. Васілёк ведаў гэта і таму больш назіраў. Ён, як і ўсе, любіў запаўняць сэнсамі на першы погляд зусім бессэнсоўныя