Сад Замкнёных Гор (зборнік). Серж Мінскевіч. Читать онлайн. Newlib. NEWLIB.NET

Автор: Серж Мінскевіч
Издательство: Электронная книгарня
Серия: Калекцыя беларускай фантастыкі
Жанр произведения: Героическая фантастика
Год издания: 2011
isbn: 978-985-6906-56-8
Скачать книгу
– ці маё жыцьцё?

      Перамога – ці «так» бургамістру.

      Юная, прыгожая, абаяльная дзяўчына яшчэ раз азірнула натоўп, імкліва падбегла да мяне і… выбіла нагой услончык.

      Луска ператварылася ў дрот, здушыла горла, сьціснула пазванкі, разам з тым зьявілася асалода ў нагах.

      Я памёр.

      VІ

      Пратнеце мне плячо! Зрабеце балюча! Я памёр?!

      Я ўсёй сваёй істотай, цяпер празрыстай і сьветлай, сатканай з маіх мінулых і новых думак, заўважаў… бачыў сябе таго, які недарэчна хістаўся пад бэлькай, а паліцмайстар побач узнагароджваў дзяўчыну мэталічным вянком чорных ружаў.

      Што я адчуваў? Усьведамленьне сьмерці, канца? Бездані? Не – лёгкасьць…

      Я лунаў над людзьмі. Сам Я, цалкам, адразу, над усімі… А самае галоўнае, што зьмянілася – зьнік час!

      Чым жа мы яго адчуваем? Рухам?

      Старэньнем?

      Мы ўсе нясём важкую ношу часу! Груз сэкундаў, хвілін, месяцаў, гадоў. І калі ён робіцца для нас непасільным, мы скідваем яго і ляцім… быццам пазбаўленыя катвігі паветраныя балёнікі.

* * *

      Вясёлы натоўп, пастамэнт і я-ня-я на капронцы аддаляліся. Але само аддаленьне таксама было незвычайнае, не прастора-часавае. Мае думкі ўспрымалі прапарцыянальнае зьмяншэньне, і, здавалася, па жаданьні я мог карцінку рэчаіснасьці павялічыць, ці разьвярнуць пэўным чынам, ці расфарбаваць, ці закаруселіць, ці яшчэ надаць ёй шмат іншых рухаў, якія я сам ня ведаў, а толькі адчуваў, што здатны на іх.

      Праўда, жаданьня не было!

      Неадчувальны паветраны струмень узносіў мяне.

      Я наталяўся свабодай палёту…

      Там, наверсе, сярод чыстай плыні, раптоўна і ў той жа міг чакана ўзьнікла яркае бела-празрыстае сьвятло. Яно не асьляпляла, наадварот, лагодзіла! І мяне напаткалі словы нашага старога вешчуна, а мусіць, то быў ён сам?

      – Ты не памёр… Калі твой розум прыняў покліч сьмяротнай небясьпекі, у глыбіні тваёй падсьвядомасьці пачала раскручвацца бясконцая сьпіраль маіх замоваў, маіх думак, якія настаўнікі далі тваёй памяці пры навучаньні. Замовы пасьпелі абвіць тваё цела, зрабілі яго непашкодным і бязважкім. Вер мне, аніякая сіла на сьвеце цяпер ня зможа парушыць аніводнай тканкі, аніводнай клеткі, нават аніводнай вейкі твайго падпарадкаванага цяпер мне цела. Яно здранцьвелае, бязважкае, непрацінальнае, непашкоднае, цалкам падуладнае маім думкам. Няхай тваё Я лунае асобна, не імкніся зноў вярнуцца ў рэчаіснасьць. Цалкам аддайся найвышэйшае Сьпіральнае Замове Замоваў, не перашкаджай ёй сваёй воляй… Пакуль тваё Я будзе ў надрэчаіснай плыні, уся схаваная энэргія тваёй падсьвядомасьці і энэргія маіх ведаў будуць ашчаджаць тваю матэрыяльную абалонку. Калі вонкавыя абставіны зробяцца больш спрыяльнымі, тваё Я вернецца.

      VІІ

      – Халё, Нетайч, падтрымай, час здымаць. А то засьмярдзіць. Вэнтыляцыя ў нас – сам ведаеш. До, што ад кірмашу ў мяне ў носе кузуркі родзяцца.

      – На парсючнік?

      – А што, у трубу? Мяса ёсьць мяса.

      – Так то ж далёка цягнуць.

      – Нічога,