Яго маці страціла прытомнасьць.
– Прыбярэце яе! Прыбярэце старую выродзіну, каб не псавала сваім выглядам нашыя вочы. Я пераможца, я маю права літаваць і караць!
Яна крычала, і кроў пырскала з разьбітых вуснаў. Дробны чырвоны дождж акрапіў пастамэнт.
А натоўп надрыўна вітаў пераможцу.
Я прадраўся праз загусьцелую масу людзей.
Ліпкі мярзотны натоўп сутаргава курчыўся. Я пакінуў людзечу самой сабе.
ХІ
Калідоры-трубы ці трубы-калідоры хісталіся ў такт маёй хады.
Я ішоў.
Кожны наступны крок даваўся мне цяжэй, чым папярэдні.
Быццам нябачная рука пасьля чарговага дакрананьня ступні да падлогі накідвала ўсё новыя і новыя кайданы.
Неўзабаве я ня мог рухацца і пляснуўся ў калідорны кут.
Гэтак мне кепска. Я не магу, не хачу ні ісьці, ні варушыцца.
А мая мэта?
Якая мэта! Вар’яцкая і нікчэмная…
Калі няма яе побач!
Так, Руата жорсткая, бязьлітасная, але са мной яна не такая. Звычаі людзей разбэшчваюць яе душу! Злосьцю напаўняюць яе сэрца. Зьмяняюць да непазнавальнасьці.
Яна ня можа за іх адказваць!
Я наўмысна шукаў для Руаты апраўданьні. Я шукаў іх, каб прымірыць свае думкі са сваімі пачуцьцямі.
Ці я кахаў яе?
Я ўзгадаў яе вочы, рукі, вусны лагодныя і шалёныя.
А ці заўважыла яна маю адсутнасьць? Можа, сярод прыхільнікаў ёй усё роўна, дзе я, што са мной?
Мабыць, радуецца: нарэшце вольная… Апошняя думка балюча працяла мяне. Я ўскочыў і пабег назад.
Па гуках музыкі, калі тое можна назваць музыкай, я знайшоў месца пагулянкі. Руата ўзвышалася на чырвоным троне. Яна была сумная, вочы неспакойна аглядалі прысутных. Яны зазьзялі – напаткалі мяне. Руата ўзьнялася мне насустрач. Пры ўсіх мы, не саромячыся, абняліся.
– Дзе ты быў? Я не знаходзіла сабе месца ад хваляваньня!
– Я… я шукаў дарогу далей.
– Праўда?! – Руата адчувала тое, што я хацеў схаваць.
І раптам:
– Ты будзеш на роўных з усімі змагацца за мяне!
Руата ўскочыла на стол.
– Мусім наканаванасьці! – крыкнула яна.
То быў выклік мне.
– Ах, так! – выбухнуў я. – Ты будзеш маёю!
Я біўся, як паранены леў, як зьнішчальная для ўсяго машына! Ніхто, нават велізарны асілак – тутэйшая знакамітасьць, – ня здолеў мяне спыніць. Каханьне і гнеў дапамагалі мне.
Руата мая!
І калі мы былі ўдваіх, я чуў шэпт яе вуснаў:
– Больш не зьнікай. Я хачу быць заўсёды з табой. Я і ты разам…
Шчасьце – быць разам зь ёй. Можа, у гэтым і ёсьць найгалоўнейшы сэнс жыцьця. А мая мэта, мой народ? Усё аддалялася, рабілася няважным. Узьнікалі думкі: гісторыю нельга спыніць і павярнуць назад. А Шлях? А ці ён увогуле існуе?
Магчыма, гэта прыгожая легенда