Нічыя – даволі рэдкі выпадак!
V
Нічыіх не бывае!
Дзяўчат зноў вывелі на пастамэнт-сцэну.
Бойка працягваецца!
Разумовая «машына» зеленавокай бляндынкі пачала даваць збоі. Крокі, выпады, рухі былі ўжо не такія адточаныя, упэўненыя, як спачатку.
А юная смуглянка мела сапраўды невычарпальны запал. Можа, яна стамілася, але тэмпэрамэнт не стамляецца!
Яна нечакана для ўсіх падбегла да краю і крыкнула ў натоўп:
– Хлопцы, калі звалюся, падтрымаеце!
– Так! Падтрымаем! – забасілі галасы.
– Давай! Давай! Рытм! – зноў крыкнула смуглянка і некалькі разоў пляснула ў ладкі.
Сотні, тысячы далоняў падхапілі шалёны тэмп.
На самым ускрайку рухоткая смуглянка пачала танцаваць старажытны танец. Яе прыродны келіх імкліва затрапятаў, здавалася, вакол яе хвалюецца паветра, якое раскрытымі ратамі лавілі мужчыны гораду.
– Ідзі сюды, жардзяйка. Глядзі! Я на самым краі! – яна танчыла і сама запалялася сваімі зьвіўнымі, як полымя, рухамі.
Бліскучае ад алею, юнае цела насамрэч выглядала пялёсткам жывога агню, над якім зьзялі дзьве чорныя іскрынкі вачэй.
– Ідзі да мяне, жардзяйка! Табе варта толькі дакрануцца!
Юная смуглянка псыхалягічна перамагла сваю спаборніцу, і тая частка публікі, якая падтрымлівала яе, трыюмфавала.
І ўсё больш і больш хмурнеў бургамістар, ён жа паставіў на бляндынку.
З каменным тварам тая падышла да смуглянкі, рэзка выпрастала рукі… Але смуглянка адскочыла і чамусьці пабегла на супрацьлеглы край пастамэнта.
– Яна спалохалася! – усклікнуў бургамістар і трошкі прыўзьняўся на насілках. – Давай, Адэльжа! Дагані яе!
Выштурхні чортаву блазьнючку!
Зеленавокая блёндынка, павінуючыся, кінулася за юнай дзяўчынай.
Вось-вось белыя кулакі дастануць смуглую сьпіну. Але юначка зьнянацку падсаджваецца, амаль падае пад ногі разьюшанай бляндынцы, тае губляе раўнавагу, пералятае за край пастамэнту і, зрабіўшы высокае сальта, апускаецца на бэтонную зямлю. Ляжыць, не варушыцца. Да яе падбягае варта, неяк прыводзіць у прытомнасьць…
А ўзрушаная абаяльная смуглянка ўзьнялася, ускочыла і ўскінула рукі да гараджан!
Перамога!
Засіпелі дудкі і сурмы аркестра.
– Слава Руаце!
Фантаны кветак узьняліся ў паветра і пакрылі пастамэнт жывым кілімам.
– Слава пераможцы, пекнай Руаце!
Мяне апанаваў страх.
Чорная пятля абмяжоўвала зрок і сьвет…
Там, у пятлі, разьзяваліся тысячы ратоў, у якіх трэсьліся белыя, жоўтыя, чорныя зубы. Здавалася, яны грызьлі паветра… разам з маім жыцьцём.
Перамога!
Прыгожая перамога азначала пачатак маёй сьмерці.
Юная дзяўчынка з букетамі кветак зрабіла круг гонару, і да яе падышоў худы паліцмайстар, у руках ён трымаў вянок чорных руж.
– Калі ласка, ціха. Жыхары гораду! Паводле закону Цэнтральных Скрыжаваньняў