Сад Замкнёных Гор (зборнік). Серж Мінскевіч. Читать онлайн. Newlib. NEWLIB.NET

Автор: Серж Мінскевіч
Издательство: Электронная книгарня
Серия: Калекцыя беларускай фантастыкі
Жанр произведения: Героическая фантастика
Год издания: 2011
isbn: 978-985-6906-56-8
Скачать книгу
і вузкім хітрым позіркам гандляваў землянымі арэхамі, якія вырошчвалі ў выбоінах бэтону ці ў плястыкавых нішах.

      – Можаце прадаць жменю?

      – Тры рутобы.

      – Што?

      – Грошы.

      Я ведаў, што ў гарадах ежу даюць за нейкія круглякі, але ніколі ня бачыў іх. Там, дзе я жыў, усё было агульным, а гандлявалі толькі за гадзіны працы.

      – Праца.

      Па маёй гаворцы, якая вымовай адрозьнівалася ад іхнай, ён зразумеў, адкуль я.

      – Добра, – сказаў ён. – Праца. Пойдзеш на той край плошчы, убачыш чорную бабу, якая таксама гандлюе арэхамі. Перакулі яе кашы… патапчы. Я табе дам жменю.

      – Вы несяце адказнасьць за тое, што я зраблю.

      – Так, так, вядома… – ён нахіліўся да мяне і зашаптаў: – Яна вядзьмарка. Яе арэхі замоўленыя. У людзей ад іх пухнуць жываты. Але ўсё роўна купляюць у яе!

      Я пабег, куды паказваў дзядок, хутка адшукаў старую гандлярку, не зважаючы на лямант, раскідаў яе тавар, патаптаў, пайшоў за платай. Але празь дзесяць крокаў капронавае ласо здушыла мне горла.

      – Гэта ён! – вішчала чорная баба.

      Два бамбізы ў карычневых каптурах зьвязалі мяне і прывалаклі ў прастакутны пакой.

      Там на алюміневым, абцягнутым матэрыяй крэсьле сядзеў худы, як бамбук, дзядзька і паліў сьмярдзючую люльку.

      – Што здарылася? – спытаў ён, з асалодай наліваючыся пачуцьцём улады.

      – А-ааа! Паночку! Ратуй! Дапамажы! А-аа! Гэты мярзотнік усе мае арэхі, усю маю бульбу, гуркі, мой тавар сапсаваў…

      – Яна мела толькі арэхі… І гэта ня я рабіў. Я прадаў сваю працу, – з гонарам сказаў я.

      – Ты зь нізу?

      – Так.

      – Як клічуць?

      – Даль… Даляшорзах Ін-Йорм.

      – І каму ты прадаўся?

      – Я шчыра прадаў сваю працу старому чалавеку, які таксама гандлюе арэхамі.

      Худы кіўнуў бамбізам. Яны паставілі мяне ў кут і борзда выбеглі за дзьверы.

      – Ты не ў сябе дома, у нас за вашыя звычкі забіваюць, – худы праз карычневыя, як яго каптур, зубы выціснуў хмару чорнага смуроду. Кручкаваты погляд, здавалася, драпаў маю шыю.

      Праз пэўны час бамбізы зьявіліся зноў.

      – На рынку такімі арэхамі гандлююць яшчэ адна старая і малы хлапец. Ніхто зь іх пра дзядка ня чуў… Ён хлусіць.

      – Не, гэта ідыёт з самага нізу, ён хлусіць ня ўмее. А вы, спадарыня, – зьвярнуўся да чорнай бабы, – ідзеце дамоў ці гандлюйце тым, што засталося. Калі знойдзем таго дзядка, дык ён вам заплаціць. А ідыёта за тое, што ён ідыёт, мы ўстырнем.

      Чорная баба, уся ў сьлязах, праклінаючы мяне, выйшла з пакою.

      Я не разумеў, чаму яна на мяне ўзьелася: вінаваты быў дзядок, а ня я… Я ж быў толькі яго інструмэнтам. Рыдлёўку ж ня судзяць, калі ёю ўдарылі чалавека! Калі маральныя перакананьні яе народа дазваляюць заказваць такую працу, якую прапанаваў мне дзядок, то, значыцца, я рабіў правільна.

      Аднак худы ня стаў мяне слухаць. Два бамбізы адвалаклі мяне ў глухую кельлю.

      Там мне прынесьлі падобную да плястыкавага пюрэ кашу. Трэба сказаць, што яна насамрэч была даволі пажыўнай.

      – Паеш,