«Значыць, шукаюць мяне? – спачатку падумаў я. – Але ж мяне ўжо адшукалі… Няўжо напраўду ловяць зачыншчыка бойкі? Нешта ня вельмі верыцца».
– Слухай, братку, адчыні, надта сьпяшаюся, маці ў вёсцы хворая.
– Не магу. Чуў?
Усё ж такі я змог прайсьці праз браму, а вось мае грошы – не. Апошнія рутобы, што ціха пабразгвалі ў кішэні маіх штаноў, перасяліліся ў скураны мяшочак, што вісеў на поясе брамніка. Дадаткова я змог выпатрабаваць, каб ён мяне добра пакарміў: мой унутраны лекар, што шаптаў Сьпіральную Замову Замоваў, вымагаў добра падсілкавацца.
Ад брамніка ж я пачуў, што сапраўды Руата і яе выкрадальнікі праяжджалі тут на электрамабілі.
Я памахаў службоўцу рукою, ён шчыра зьдзівіўся, што я ўжо кульгаў ня так моцна, але адзначыў, што і бегма ня можна дагнаць электрамабіль…
ХІІІ
Чалавек ішоў мне насустрач. Вопратка яго адразу кідалася ў вочы сваёй незвычайнасьцю. Чорны, старога пакрою, фрак, жоўтыя ў сінія і зялёныя колцы брыджы, сучасныя лёгкія сандалі пад валасатымі лыткамі, на галаве – чалма, што нагадвала скручаную малінавую зьмяю, у руцэ – лякіраваны сакваяж. Усе складнікі адзеньня былі прыстойна чыстымі і калісьці з гонарам вытрывалі спробу прасаваньня.
Мы павіталіся.
Ён казаў з правільным сталічным вымаўленьнем, хаця вопратка выкрывала, што чалавек доўга адсутнічаў у сталіцы і пасьпеў назаўжды адстаць ад тамтэйшай моды.
Яго твар суправаджаў кожнае слова дужа незвычайнай – пакуль не прывыкнеш – тэмпэрамэнтнай мімікай, узьлёты махнатых броваў мелі такую вялікую амплітуду, што адразу можна было пераканацца: перад табой шчыры аптыміст.
Пад правым вокам у яго была радзімка ў выглядзе павука, што яшчэ больш ажыўляла яго фізіяномію – быццам шчака, раз-пораз пацопваючы, імкнулася скінуць нахабнага інсэкта.
Мы разгаварыліся.
– І цяпер, бадай, ужо месяц бадзяюся па розных узроўнях, распытваю людзей пра Руату, – скончыў я свой сумны аповед.
– Прыемна пазнаёміцца з вашай інфармацыяй. Я – Оярэт-С Кіфандоарвай-Міц, вольны маг і філёзаф. Апошнім часам жыў на сьметніку і думаў над пабудовай сьвету.
Бязь лішняй сьціпласьці скажу, што я раскрыў тайну стварэньня вас… Мяне. Сусьвету! – Пры тым галава яго моцна захісталася, напэўна, каб зацьвердзіць справядлівасьць сказанага. – А вы, шаноўны спадару, – працягваў ён, – першы, хто зьвярнуўся да мяне, і я вас узнагароджу…
– Як? Узнагародзіце? – мне вельмі-вельмі спадабалася гэтая ідэя.
– Так, я ўзнагароджу вас сваёй тэорыяй. Вы будзеце першы, хто цалкам дазнае яе! Хай мае здагадкі жывуць у людзях!
Мая радасьць імгненна зачаўрэла. Мне ня вельмі «ўсьміхалася» слухаць нудныя філязофскія разважаньні, мне трэба было толькі спытаць, ці сустракаў ён на сваім шляху Руату альбо Ўпляйка, але зь ветлівасьці я ня мог перапыніць яго.
Філёзаф зьняў чалму, раскруціў, дастаў зь яе кавалак хлеба:
– Жуйце, слухайце, разумейце…