Я падаўся наперад, але рукі моцна трымалі мяне.
Яна маўчала. Ні пагарды, ні жалю, ні подыху ўспамінаў (а я спадзяваўся, што яна таксама ўспамінае нашыя словы, нашую блізкасьць, радасьць).
– Руата, я кахаю цябе!
Я рвануўся з апошніх сілаў… І апошніх сілаў не хапала, каб вызваліцца.
Раптам голас, голас той, але не маёй Руаты дасягнуў сьвядомасьці.
– Ведаеш, Даляшорзах, я не люблю мужчын, мэта якіх заплывае тлушчам.
ХVІІІ
– Ты пашкадавала яго, – сказаў Упляйк, – ты папрасіла пакінуць яго: маўляў, няхай жыве, як хоча… А ён прыйшоў і забіў майго целаахоўніка! Зараз ён мой! І нішто ня спыніць мяне. Адвядзеце вязьня да тых вырадкаў.
Мяне кінулі ў глуха зачыненую залю. Я ўспомніў яе. Менавіта тут я біўся з апраханцамі.
І яны былі тут. Скурчанымі камячкамі там-сям уздрыгвалі на падлозе. Бедныя, брудныя, худыя. Сярод іх былі і дарослыя, і малалеткі. На ўсіх абліччах, падобных да мысак кацянят, назіраўся аднолькавы выраз прыгнечанасьці і пакоры.
Я выбраў сабе месца і лёг. У цьмяным сьвятле дрэнна было відаць, куды класьціся, і я незнарок зачапіў кагосьці.
Заварушыўся карлік:
– А-а, ты. Ня надта далёка зайшоў.
– Маўчы, не твая справа, куды я ішоў!
– Куды б ні йшоў, апынуўся ж тутака, – ён агідна ўсміхнуўся.
Я павярнуўся бокам да яго. Словы карліка абудзілі ў розуме напалову забыты пульсар маёй мэты, але твар Руаты ізноў перакрыў яго. Мабыць, гэтыя два вобразы счэпленыя ў маёй сьвядомасьці.
Страшэнную пакуту цяпер прыносілі малюнкі памяці, мне хацелася іх вырваць, спаліць… ці глядзець, бясконца глядзець і рыдаць, адчуваючы, як кожная сьляза, нібы скальпель, праразае да крыві скуру…
– Ну, мазахісьце, давай спаць, – буркнуў карлік.
Ён пачынаў мяне раздражняць. Карцела сарваць злосьць ці хутчэй забыцца, каб ня кінуцца ў вар’яцкую гістэрыку.
– Эй, ты! Можаш хоць апошнія хвіліны жыцьця пражыць спакойна?! – прарыпеў карлік.
– Слухай, курдуплю, закаркуйся! – злосна прамовіў я.
«Руата… – заенчылі мазгі.– Не, я вырвуся, я сілай вазьму цябе! Ты будзеш мая! Якая б ты ні была жорсткая, злосная, я вазьму цябе, а потым, потым… кіну!»
– Дурань!
– Ты… – я зноў хацеў сказаць нешта крыўднае, але ня мог хутка штосьці такое падабраць… І тут я зразумеў, што ён чытае мае думкі.
– Ты што, чуеш, што я думаю?
– Каму лёгка пакласьці руку на плячо, таму лёгка здушыць горла, – сказаў ён замест адказу. – Ты ішоў… Ты меў сваю мэту. А цяпер ты размазаны, як паўдохлая муха па шкле, якую праз момант цалкам прыціснуць.
– А ты… ведаеш, хто…
– Забудзь яе. Няўжо ты ніколі не адчуваў, што яна не твая? Яна ня можа быць тваёй. Вы розныя. Ты йшоў, вось і ідзі…
– Ісьці!
І я гучна засьмяяўся.
– Бедны карузьлік, ня бачыш, мы замкнёныя.
– Ты можаш ісьці… у замкненьні…
Ён паступова «адключаўся».
– Эй, што з табой? Яго зрэнкі памутнелі.
– Ты можаш ісьці… у замкненьні…