Шахрай і ён, Мацвей Роўда, ужо другі тыдзень калясілі на Палессі, дзе можна, ехалі на машыне, а больш ішлі пешшу. Паабдзіраліся, абнасіліся, месячы балоты, былі непадобныя па саміх сябе. Но такімі яны выпраўляліся ў гэтую дарогу на новенькай машыне, самі што з іголачкі, у новых гумавых ботах-броднях, якія яшчэ не страцілі ні складскога бляску, ні паху, у шчытных энцэфалітніках з капюшонамі, у аднолькавых, з той жа тканіны, што і энцэфалітнікі, штанах. Абмундзіраваліся, агледзелі адзін аднаго і пасмяяліся адзін з аднаго – спадабаліся сабе. Але злінялі яны ў першы ж дзень, як толькі ўлезлі ў балота, балота з'ела бляск і глянец. Палессе падраўняла іх пад сябе, вымаклі па вушы, наглыталіся балотнай тарфяной вады і палеглі каля цяпельца, за ноч і не прасохлі. I другі, і трэці дзень былі падобныя на першы. Да ўсяго цела Шахрая не трывала камароў: не паспяваў камар сесці на яго твар ці ўжо адваліцца ад твару, як адразу ж уздуваўся пухір. I твар Алега Віктаравіча паступова пакрываўся адзіным вялізным бурым струпам. I гэта здзіўляла Мацвся. Непахісным, нязломным, як бы ўжо закаваным у браню, і пайшоў Шахрай па спатканне з балотамі, пайшоў – як на вайну, і як жа лёгенька камары-камарыкі, дудары-дударыкі прабілі яго браню, аніякай пашаны і павагі, адзіны здзек толькі. Ад балотнай вады ў Шахрая збіваліся і секліся валасы, утвараючы той сумна славуты палескі каўтун, пра які Мацвей ужо і думаць забыўся. Ён не разумеў, як гэты чалавек мог нарадзіцца і жыць на Палессі, калі яно яму супрацьпаказана. Дзесьці на чацверты дзень марных блуканняў яны дазволілі сабе адпачынак, атабарыліся на беразе рэчкі, што выбягала з тарфянікаў і бегла па тарфяніках, спаласнулі робы, але самі ў ваду лезці не наважыліся: была яна яшчэ крынічна халоднай. Леглі па траву, чакаючы, калі высахне адзенне. Нячутна падкралася машкарэчча і, здаецца, грызці не грызла, толькі раніцай Алег Віктаравіч адчуў, што захварэў, апухлі, схапіліся агнём ногі, падскочыла тэмпература. Мацвей настойваў па тым, каб ехаць у горад.
– Дробязь, – адмахваўся Шахрай, – Гэта ў мяне проста алергія на балоты. Цяпер яна ўжо не адстане, пакуль не завершым справу. Моцная і ўчэпістая хвароба нашага веку.
– Пакалення, а не веку, – паправіў яго Мацвей, і Шахрай пагадзіўся з ім:
Няхай і пакалення, сутнасці гэтым не змяніць. Адно да аднаго, а ўсё на тое, каб нам з табой упраўней быць, дзейнічаць больш акрэслена і рашуча.
А яны павінны былі знайсці пляцоўку пад будаўніцтва саўгаса ці калгаса. Добры надзел зямлі, балот і лесу, дзе можна было распачаць меліярацыйныя работы і будоўлю. Але пакуль што такога зручнага надзелу ім не трапляла: то лес быў ужо вельмі стары і магутны, першай групы, то зусім ужо непраходнае балота ці, наадварот, балотца з мізэрным пластом