– Цоб-цоб-цоб, – закрычалі мужыкі волікам, а тыя як і не чуюць, хістаюцца ўжо.
– Нячысцік, нячыстая сіла, – загаласілі бабы. Цімох з хлопцамі кумільгом з дрэва. А волікі ўжо на каленях стаяць.
– Ой, прапалі валы, ой, няма ўжо волікаў нашых, – схапілася за галаву старая Махахеіха. – Грала старое, дурань сівы.
– Рэж, сячы вяроўку, – падліў масла ў агонь Барздыка.
Я табе секану, я табе разану, – гэта Махахей. I волікаў яму шкада, і вяроўку шкада, і парася марна страціў – за ўсё адказваць яму перад жонкай. А тая ўжо друк ухапіла.
– А вось табе волікі, а вось табе кабанчыкі… I кабанчыка няма. I гармонік – грала тваё чортава ўтаплю.
– Тані, гары яно гарам усё – і волікі, і кабанчыкі з музыкай разам, хоць чорта жывога пабачу.
– Чорт, чорт! – залямантавалі бабы. А валы ўжо хрыпелі. Возера калыхнулася і рушыла на бераг, раздалася, як ні да дна, расступілася вада над ямай, здаецца, паднялася вада ўгару і плюхнула на людзей, па валоў. Махахей схапіўся за вяроўку, ратуючы жывёлу і маёмасць сваю, а апынуўся ў старыцы, нехта з Барздык усё ж не вытрымаў, паласнуў нажом па вяроўцы.
– Дзядуля, – заенчыў Цімошка.
– Туды табе, старому дурню, і дарога, – сказала Махахеіха.
Але Махахея выцягнулі з вады, сам ён, дапамагаючы сабе мацюком, выплыў. А чорт, нячыстая сіла знікла.
– Ты хоць бачыў яе? – пыталі Махахея мужыкі.– На каго яна падобна?
– Бачыў… На жонку маю яна падобна, таму і не прыняла мяне.
Невядома, каго бачыў дзед, а вось сам ён, Цімох Махахей, падзівіўся на тое страшыдла, што лавілі, ды не спаймалі княжборскія мужыкі. Карчавальнікі на выхадны падскочылі да іх парыбачыць, і колькі шапак толу, якімі пні рвалі, кінулі яны ў тую яму, цяжка і падлічыць, але грымнула так, што Махахей, у адным споднім, з хаты выбег. Карчавальнікі падважвалі, падцягвалі да