– Чым займаецеся?
– Трутняў лягчаем, – зашумела, пэўна, ужо ў галаве ў Паўла.
Роўда хацеў быў растлумачыць неяк больш далікатна, чым яны тут займаюцца, але яго апярэдзіў Шахрай, а гэта ён быў з сакратаром райкома.
– I колькі ўжо лягчалі? – сур'ёзна і строга запытаў Шахрай Рачэўскага. Той не саступіў, зыркнуў вокам па тры кубкі, што стаялі з бражкай перад ім:
– А вось ужо да чацвёртага прыступілі.
– I колькі ж часу на гэта патрацілі?
– Ды вось, лічыце, ад раніцы, – плюнуў на тлумачэнні і Роўда, усё роўна гарэць.
– Лайдакі,– незразумела, ці то пазайздросціў ім, ці то асудзіў іх Шахрай. – Мы вось з сакратаром ад суседа вашага. Там за паўгадзіны на нашых вачах амаль тузін парасят выхаласцілі. Трутні…
Вось за гэтых трутняў на бюро і рыхтаваўся панесці кару Мацвей Роўда. I было яму вельмі сумна: свой жа брат старшыня сядзеў перад ім, з'едлівы, зубасты, і гэтая з'едлівасць яго была Мацвею куды больш страшнай, чымсьці тая вымова. Усплывуць на бюро трутні – і хоць у пастухі падавайся, хоць на Камчатку збягай, уплятуць у байкі і паданні, знойдуць пад зямлёй, засмяюць на векі вечныя. I Мацвей ужо чуў гэты іх рогат. Ах, як не хапала яму на тую хвіліну Рачэўскага, ён паказаў бы яму саву смаленую, навучыў бы, як трутняў лягчаць.
– Нішто сабе кадр, біты, а за аднаго бітага двух нябітых даюць, – парушыў цішыню, якая здалася Мацвею ўжо вечнай, Хведар Ліпай, той самы сусед, ветэрынар якога быў асам, здольным выхаласціць за паўгадзіны на вачах начальства тузін парасят. Яго, Ліпая, больш за іншых баяўся Мацвей Роўда. Гаспадарка ў Ліпая ўзорная, таму ён ні бога, ні чорта не прызнае. Мінулым годам пабудаваў у калгасе рэстаран. I такі, што ў сталіцы зайздросціць будуць, майстроў, разьбяроў па дрэве выпісаў з Прыбалтыкі, шэф-повара зацёг з міжнароднага поезда вагона-рэстарана. Другога на месцы Ліпая за гэты рэстаран і начальства, і той жа брат старшыня задзяўблі б, зацюкалі, а Ліпаю хоць бы што. Усе да яго з паклонам, руку ловяць, у вочы зірнуць імкнуцца: віншуем, віншуем, Хведар Кандратавіч, прыйдзе Новы год, Першамай, маўляў, не забудзьце пра нас, столік нам, майце на ўвазе. Вось што такое Ліпай. I гэта не дзеля прыгожага слоўца, Зорка Героя ў яго кішэні, і зноў не ў пераносным сэнсе, на самай справе так і ёсць. Зорку гэтую залатую без дай прычыны на свет