Неруш. Віктар Казько. Читать онлайн. Newlib. NEWLIB.NET

Автор: Віктар Казько
Издательство: Электронная книгарня
Серия:
Жанр произведения: Современная зарубежная литература
Год издания: 2016
isbn: 978-5-340-00518-2
Скачать книгу
перадаваў Жалезны Чалавек сум свой і тугу, шэрую, жалезную, таму і ходзіць ён па зямлі і не стамляецца, што не ведае спакою, што ўсё больш і больш паўсюдна людзей, якія таксама жывуць наадварот, ходзяць наадварот, уніз галавой. Гэтага пакуль таксама ніхто не прыкмячае, звыкліся, але ён, Жалезны Чалавек, бачыць усё, толькі нічога не можа перамяніць, хоць ён і Жалезны, і непатрэбным ён адчувае сябе на гэтай зямлі, лішнім.

      I тут Махахею стала прыкра і ніякавата. Нешта вельмі дзіўнае было ў яго гутарцы з Жалезным Чалавекам. Цікаўнасць да пары да часу не давала выявіцца гэтаму дзіву. I раптам цікаўнасць знікла, сугучнасць нейкая атрымоўвалася, нешта вельмі знаёмае, чутае апавядаў яму Жалезны Чалавек, і жах пачаў апаноўваць Махахея, невядомы яму раней жах, халодны. Ён ускінуўся, прыслухаўся і зразумеў, што гэта ён сам, Махахей, гаворыць. I жах, з якім ён ужо справіўся, зноў ахапіў яго: выходзіць на тое, што ён, Махахей, і ёсць Жалезны Чалавек, недарэмна бабы языком менцяць, што з сялян, з іх вёскі той Жалезны Чалавек. Што ж гэта ён творыць, непакоіць людзей, падумаў Махахей, як след яшчэ не прачнуўшыся, думае, што пасвіць коней, а сам па вёсцы шлэндае, зусім здзяцінеў, добра, што ніхто не здагадваецца, хто ён такі. Махахей спахапіўся: калі ён і ёсць Жалезны Чалавек, то з кім гэта ён толькі што гутарыў, куды дзеўся яго госцейка. Але нікога перад ім ужо не было. Жонка і Надзька яшчэ спалі, жонка пад бокам, а Надзька на сваім ложку. Не спала толькі маці на печы, цікавала за ім чорным нядрэмным вокам. Ён яшчэ муляўся, не ведаў, як спытаць яе, ці быў тут хто, старая апярэдзіла яго; пахітала галавой; ён засаромеўся яе і захутаўся з галавой у коўдру.

      I цяпер сярод вады ў чоўне яму таксама было няёмка і прыкра, як раніцай у хаце. Ён плыў праз былую дуброву, тую самую, якую ратаваў, але так і не ўратаваў, ад яе засталіся толькі пянькі, нябачныя, праўда, таму што высокая вада, човен плыве не датыкаючыся да іх, а ўсё адно як скрабком хто скрабе па сэрцы. Няўтульна яму глядзець на зямлю без дрэва, прыкра ведаць, што там, дзе колісь раслі дубы, расце трава. Сенажаці цяпер тут, іх вясковыя сенажаці, таму і не карчуюць пнёў, а калі раскарчуюць, то сенажаці будуць калгасныя, пройдзе па іх ужо і сенакасілка. Сярод жа пнёў ёй няма развароту, толькі літоўкай магчыма выдзеўбці траву.

      Слізгаціць на вадзе човен, цененька, па-птушынаму скварчыць разламаная, адрынутая вада, і аднастайнае яе шапацепне і лопат супакойваюць Махахея. Вось чаму ён і любіць човен, дашчанікі-душагубкі, тыя на вадзе сыкаюць злосна, што гадаўё, а човен ляціць, нячутны і вёрткі, як бабёр. I Махахей можа спакойна думаць аб тым, як у лагчыне сярод дубкоў паставіць свой жак. Ведае ён, дзе рыба ходзіць. I не міне жака чырванапёры, раз'ятраны ад несвабоды язь. На лагчыне, да якой ён кіруецца, язь ходзіць нераставаць, ідзе вясной так, што, здаецца, на куст каліны ўз'ехаў. Махахей не перашкаджае язю ісці ў возера, а вось калі ён ужо аднерастуе, адаб'ецца, тут ён і бярэ яго, небагацька, пяць-дзесяць галоў, каб наспелі прывяліцца, пакуль не ўзнялася муха. I ўлетку, калі скрылёк сала прыхаваны недзе бабай толькі для касы, тады прыдатная