– Вы Сафа Вітальевіч? – раўнуў тонкі. І я заўважыў, як па ягоных вачах паплылі крумкачы.
– Ну-у-у, так… А ў чым справа? Я… – Я папярхнуўся, не скончыўшы фразы, бо тоўсты выцягнуў з кішэні вялізны чорны пісталет і прыставіў яго да майго пуза…
– Ціха, – прашыпеў тоўсты. – Без глупстваў. Вы застаяцеся. Ніякага Берліна.
– Стаяць! Усім – на месцы! – гыркнуў худы, заўважыўшы, што мой сябра Стасік збіраецца кудысьці дазваніцца. – Інакш будзем страляць!!!
Цыганка загаласіла… Цыган (з першага погляду такі дужы і моцны) палез пад стол. Парабэлум пацямнеў ад злосці, быццам яго перасмажылі. А вясёлае мурло Стасіка ператварылася ў губку для посуду, і ён выпусціў тэлефон…
Мне заламілі рукі.
– Усе – на сваіх месцах! Пяць хвілінаў нікому не рыпацца! – прароў худы, – Нікога чапаць не будзем! А Сафа Вітальевіч ідзе з намі! Забіраем!!!
На галаву мне нацягнулі непразрысты мех… І чалавека, які яшчэ нядаўна спаў у паласатай піжаме, выпхнулі са сваёй кватэры. Басанож было не надта прыемна шкандыбаць па лесвіцы. Але я спадзяваўся, што, можа, нейкі мудак заступіцца за суседа Сафу Вітальевіча… Фіг! Ні сяброў! Ні суседзяў! Суседскім бабулькам толькі плявузгаць і паклёпы ўзводзіць! А як што зрабіць добрае – не дачакаешся… А гэтыя, гэтыя сябручкі-веселуны, маць тваю за нагу, што там заціхлі?!! Міліцыю трэба выклікаць. Прыстрэляць зараз Сафу ў якімсьці брудным месцы. І вітанкі.
Але, на жаль, аніхто за мяне не заступаўся. Я адчуваў, як цяжка ў спіну дыхае тоўсты і руля пісталета ўтыкаецца мне ў нырку. Худы нешта мармытаў сабе пад нос: «налева», «направа», «прама», «глядзі, каб не спатыкнуўся».
Праз пэўны час мяне запхнулі ў машыну. Гудбай, Берлін.
19
Прачнуўся я ў цягніку. Балела галава. Мала таго, яна нагадвала расплюснуты грэцкі арэх. Я з цяжкасцю згадваў, што мяне моцна ўдарылі па патыліцы, і потым усё… Ну чаму мне так шанцуе? Так і да інваліда недалёка!.. Увесь час хтосьці б’е па галаве ці труціць нейкімі напоямі!.. Каб з бадуна, і тое б было не так крыўдна!.. Не жыццё – суцэльны дэтэктыў!..
Я пацёр вочы… Памасіраваў скроні… Насупраць сядзела… Сядзела зморшчаная бабулька… Тая… Тая!.. Якая некалькі тыдняў таму трапілася мне ў парку і дзякуючы якой тады я і апынуўся ў невядомым месцы… Што за брыдоцце? Старая выглядала жменькай махоркі. Падзьмі – і яна разляціцца ва ўсе бакі.
– Мілок, – прастагнала старая. – Беражы сябе… Табе Арыстарх прывітанне перадаваў… Пераапраніся… Тут я заўважыў, што ў купэ складзеныя мае карціны і побач – мая вопратка, у якой я і збіраўся да Берліна… Дарэчы, куды едзе цягнік?!
– Старая, – сказаў я, – што за цягнік?
– Ну, ты ў Берлін збіраўся? – прашамкала старая.
– Так…
– Ну і шчаслівай дарогі… Не думай многа… гэта шкодна… І не пі малачко – козлікам будзеш… – І ціха захіхікала, прыкрываючы худымі жоўтымі рукамі бяззубы рот.
– Ды што вы ўсе заладзілі!.. – раззлаваўся я. – Не пі ды не пі… Пры чым тут гэта!.. Піць – адно… а тут – другое!.. Тут жа адбываюцца неверагодныя рэчы!.. Ды я