– Не пі шмат, – сказаў мне на развітанне Арыстарх і расквітнеў дзіўнай белай усмешкай.
9
Каб неяк развеяцца, я прайшоўся па цэнтры. Ад ГУМа ў бок помніка Леніна… Прамінуў будынак КДБ. Паглядзеў з павагай на ягоныя калоны. Прыгожы, ладны… На знакамітую гэтак званую «жоўтую вежу Лаўрэнція Цанавы». Кажуць, што калісьці Цанава, стаўленік Берыі ў Беларусі, зацэментаваў тут сваю папаху… Ягоны нервовы жэст нагадаў узмах шабляй. Разануў і моцна крэкнуў. Каб быў будынак моцным і трывалым. Каб установа КДБ была непахіснай. Гэтая думка змусіла мяне зірнуць на другі бок вуліцы. Там сярод дрэваў цямнеў жалезны Фелікс. Помнік Феліксу Эдмундавічу Дзяржынскаму. І не важна, што ў Расеі яго з плошчаў прыбралі!.. Тут, у Менску, жыве павага да савецкіх дзеячаў у сэрцах многіх чыноўнікаў… Традыцыя! Я згадаў сваю любоў да цацачных салдацікаў. Было ў дзяцінстве ў мяне іх многа. І пластмасавыя, і алавяныя, і нейкія мо сталёвыя!.. Самых лепшых мы з хлопцамі выраблялі самі. Знаходзілі старыя аўтамабільныя акумулятары, разбіралі іх… А там – багацце! Колькі свінцу!.. Свінец разагравалі на вогнішчы ў бляшанцы і залівалі ў гіпсавыя формы… Вось гэта былі сапраўдныя вайскоўцы. Я ўявіў выплаўленага белага будзёнаўца на кані і з шашкай… Вось яна, традыцыя жалезных феліксаў!.. І Захад нам не ўказ! «Чорт, – падумаў я, – пра які такі гандаль радзімай казаў той плюгавы? Я ж патрыёт!»
10
З дзяўчатамі па вялікім рахунку ў мяне праблемаў не было ніколі. Надоўга ў адзіноце я не заставаўся. Заўсёды знаходзілася тая, што брала мяне на абардаж. Але ж вечная адсутнасць грошай, п’яныя дэбошы і адданасць мастацтву рабілі сваю чорную справу. Сябры круцілі каля скроні пальцам: «У галаве мух замнога». Мух і сапраўды было зашмат. І не толькі іх. Бо маляваў я ў асноўным абы-якую жыўнасць і… піянераў. Яны ў мяне былі і кшталту неапазнанага іерогліфа, і… выступалі ў якасці ўсяго астатняга. Карацей кажучы, сусвет я бачыў вачыма вусяка і піянера! Але ж дзяўчаты не хацелі разумець маіх біялагічных памкненняў. Напачатку яны неяк трывалі, а потым, зазвычай гэта адбывалася зранку, збіралі торбы і, не кажучы анічога, моўчкі сыходзілі. Мяне гэта не здзіўляла. Я нават уздыхаў з палёгкай. Слухаць пра вечных коцікаў, сабачак, «якая я прыгожая» альбо «трэба набыць таксама» вельмі стамляла. Жанчына лезла са сваёй нелагічнай логікай напрасткі. Маленькая, але вынослівая як вярблюд, яна рабіла сякеркай у агароджы мужчынскай свядомасці вялізную дзірку. Калісьці мне думалася, што не шанцуе, але потым стала зразумелым, што ўсе жанчыны аднолькавыя. Адрозніваліся яны толькі колькасцю грыму на твары і колерам лаку на пазногцях. Былі яны тоўстымі ці худымі – неістотна. Гэта было другасным. Але ж, нягледзячы ні на што, у душы яшчэ сядзела нейкая рамантычная жабка, якая крумкала пра дзяцей. Прырода, разумееце. Адным словам, глядзеў я на жанчын як недабіты сексіст. Сумняваўся ў жаночых мазгах. Таму для феміністак, мяркую, я быў бы спакуслівым трафеем… яны б падвесілі мяне на першым дрэве…
11
Не хлусі. Былі ў цябе праблемы