Так, магчыма, скура героя да мяне і прырасла… Але прозвішча аўтара кнігі зараз з героя мы зрэжам. Хопіць. Былі ўжо суслікі, былі і вычварэнцы з вішнёвым абліччам. Даволі… У нашага героя і так хапае маньяцкага. Не варта аўтару ў яго ператварацца. Хто ж я? Я. Я – гэта я! Завуць мяне – Сафа. Націск, калі ласка, на першы склад!.. Альбо цалкам – Сафеній (націск пераходзіць на літару «е») Бурштын… Такое дзіўнае імя мне далі бацькі з нагоды звычайнай сафы… Чаму? Зачыналі мяне на ёй, там раптоўна і нарадзілі… І калі мая геніяльная галоўка выходзіла з маці, і калі тая рассоўвала ад болю свае белыя ногі, і калі ейным крыкам быў разрэзаны пакой, у той момант і была нечакана зруйнаваная сафа. Яна, як высветлілася, была нетрывалай і развалілася. Ушчэнт. (А можа, мяне спалохалася?) Гора майму бацьку!.. Але ў гонар гэтай падзеі мяне па-мастацку і абазвалі Сафам! Што ў сваю чаргу, напэўна, і прадвызначыла маю ролю ў мастацкім і літаратурным свеце. А чаму Бурштын? А халера яго ведае. Ад бацькі дасталося. У нас усе спрадвеку былі Бурштынамі. Мо хто з продкаў прыгожым і жоўтым быў ці гандляваў гэтымі самымі бурштынамі – адкуль я ведаю?
(Пачуў дзіўны голас: Ну, прывітанне, мастак! Прывітанне, галоўны герой рамана! Прывітанне, яйкападобная пачварына! У цябе доўгая дарога, вялікія перамогі, неверагодныя прыгоды і кароткае жыццё, бо калі ты не трапіш пад звонкі трамвай, з табой усё адно здарыцца нешта кепскае. Апрыёры – павінна здарыцца. Бо такія неўраўнаважаныя асобы, як ты, не могуць інакш. Яны не здольныя паміраць ад самоты і старасці. Такіх людзей немагчыма ўявіць нямоглымі ў інваліднай калясцы. Яны гараць ярка, але і хутка. І апошнія крокі іх актыўнай дзейнасці знікаюць у цямрэчы чырвонымі светлякамі ці фосфарнымі зайцамі.)
Па маім твары прапоўз белы вусень… за ім праслізгацела заклапочаная п’яўка. «Фу, – я выцер насоўкай срэбныя кропелькі поту з мармуровага лба. – Галасы, галюцынацыі – трэба менш піць. Нашто я ўчора высмактаў пляшку таго узбекскага каньяку? Небарака… Так не толькі пячонка ператворыцца ў катлету, сэрца – у варанае яйка, але і ў вар’ятню хуценька пабяжыш да братоў па розуму. Уражанне, што пабачыў сябе ў крывым люстэрку… Ы-ы-ы-ы… Звонкія трамваі – звонкія трамваі… Танкі-шманкі…» Я выцягнуў з рабой бульбіны відэлец і пачаў ім прымервацца да свінога філе.
(Як раптоўна зноўку пачуў дзіўны голас: Эй ты, боўдзіла гароднае, ты чаго на лірычнага героя імя па бацьку начапіў? Ты што, не беларус? Ды паглядзі на сябе ў крывое люстэрка… Паглядзі!.. Паглядзі ўважліва!.. Бачыш – не беларус… Разрэз вачэй у цябе не той – не беларускі… Ты ж азіят! Маскаль ты недабіты!.. І ўвогуле, што за Мар’я Сяргееўна з грушкамі ў цябе выплывае напачатку твора?.. Ты б яшчэ пра Аляксандра Рыгоравіча з гарбузамі напісаў… Разумнік… Хаця што з цябе возьмеш: маскаль – ён і ў Афрыцы маскаль… Вітальевіч… Сафа Вітальевіч Бурштын… Блін…)
Я сплюнуў… Вось яны, нацыяналістычныя выбрыкі (ці мо беларутэнскія якія?)… У героя беларускі пашпарт ёсць?