– Не.
– Тады трымайце. Гэта з Курасоўшчыны.
– Дзякуй.
– Распішыцеся ў атрыманні.
На вялізным кавалку кардону было тры словы: «Цалую. Кахаю. Нат».
Усё зразумела. Гэта была тэлеграма ад Нат. Значыць, справа-якар. Хутка будзем піць гарбату з цытрынай і закусваць булачкамі з макам. Гэта ж звычайная шыфроўка. Нешта накшталт паролю…
Нават зязюля ў гадзінніку страпянулася, дзюбкай шчоўкнула і сказала: «Крак». Карціна мастака Маркіна «Дастаеўскі ля крыніцы» неяк нахілілася. Быццам «Тытанік» перад катастрофай. Было.
35
Мая нага ляжала на тумбачцы. Як жоўтая скала з пёркамі кустоўя. Я паварушыў пальцамі. І хвалі забулькалі, зашоргалі па грэбені скалы. Забурчэлі віхры. Заспяваў вецер. Заслізгацелі ў небе марскія птушкі.
– Калі дзядзя з суседняга дома размахвае выбівалкай і скача ўздоўж мярэжыстага персідскага дывана, ягоны персідскі кот чапляецца за ягоную левую пятку кіпцюрамі і зубамі. Дзядзя крычыць нядобрымі расейскімі словамі і акрапляе іх добрымі беларускімі. У яго атрымліваецца цікавая мясцовая дрыгва, – кажу я. – Не гума і дрызіна, а менавіта дрыгва. У народзе больш вядомая пад словам «трасянка». Карацей, танчыце і біце ў барабан. Падавайце сігналы бедства.
– Па дрыгве, напэўна, някепска шпацыраваць у балотных ботах, – сказала Нато.
– Ты, Нато, амаль маеш рацыю. Але кажуць, што для такога кшталту выпадкаў патрэбны самакат! Хаця мой стрыечны дзядзька Толік шпацыраваў па палескіх плюхах у ботах вермахта, і ўяўляеш… амаль не засмоктвае. Толькі чмякае моцна.
– Ведаеш, Сафа, – раптам сказала Нато, – учора я спрабавала завязаць сябе ў вузел. Хацела забыць цябе. Рэзала, як кажуць, па жывым. Тапырылася. Калмацілася. Але вузел атрымаўся мяккім. Узорыстым. Жывым. Ён шаптаў вершы, блішчэў блакітнымі вачыма. Працягваў у паўднёвы бок горада, туды, дзе ты жывеш, свае маленькія ручкі. І вось – я тут.
– Людзям, – сказаў я, – уласціва пакутаваць. З самага пачатку ў іх закладзена нешта трагічнае. Яны не могуць без гэтага. Ім сумна.
Нато ўжо не слухала. Яна бегала вакол мяне і размахвала рукамі. Яе зебравая сукенка ператварылася ў верталётныя прапелеры. Босыя ногі пачалі выстукваць нейкі шаманскі рытм-бубен. Вочы заззялі. Пальцы заварушыліся змеямі. Валасы распушыліся. Уся мэбля ў кватэры набыла попельнае адценне. І быццам бы працягнула нябачныя ніткі да цела Нато.
– Табе весела, – сказаў я. – Ты на вяршыні айсберга. Вакол цябе лётаюць мухі шчасця.
– Ну, без гэтага аніяк, – сказала Нато. – Але ў іншых шчасця болей.
Конец ознакомительного фрагмента.
Текст предоставлен ООО «ЛитРес».
Прочитайте эту книгу целиком, купив полную легальную версию на ЛитРес.
Безопасно оплатить книгу можно банковской картой Visa, MasterCard, Maestro, со счета мобильного телефона, с платежного терминала, в салоне МТС или Связной, через PayPal, WebMoney, Яндекс.Деньги, QIWI Кошелек, бонусными картами или другим удобным Вам способом.