Натуральна, што мастацкіх катэгорыяў процьма. Мы разгледзелі толькі асноўныя… Нязгодныя праходзяць да тамбура…
25
Я ўзяў у Фарша мабільны тэлефон і выйшаў у тамбур. Тут анікога не было, і я мог спакойна празваніць сяброў – сведкаў сваёй нядаўняй трагедыі. Але колькі я ні спрабаваў дазваніцца да Парабэлума і Стасіка, голас аператара нязменна адказваў: «Абанент часова недаступны!» Што б гэта магло значыць? Я стаяў у тамбуры, слухаў грукат колаў, з сумам пазіраў на запыленыя брэсцкія хаткі… Тыя курчыліся і паказвалі мне языкі. Набліжаўся перон. І тут і там сноўдалі заклапочаныя сваімі праблемамі людзі. Мне здавалася, што ўсім было глыбока на мяне начхаць… Але толькі не тым цьмяным персонам!.. Нашто ім спатрэбіўся такі прыдурак, як я? Выкрадаюць, вяртаюць – поўная дурка!.. Не – я быў у разгубленасці…
З-за гэтага я не стрымаўся і запаліў… маленькую гутаперчавую цыгарэтку.
26
Беларускі мытнік глядзеў на мяне доўга і злосна. Ён гартаў мой пашпарт, і мне мроілася, што на кожнай старонцы майго дакумента ўклеенае фота дыверсанта. Вока мытніка было каламутным і чорным. Там душылі дзяўчыну, прычым з асаблівымі вычварэннямі.
– Што вязём? – запытаў мытнік, як быццам я вёз партыю гераіну.
– Еду ў мастацкі дом. Вязу карціны.
– Дакументы ёсць на вываз?
– Калі ласка. Усё аформленае праз экспертную камісію Міністэрства культуры… – Дзякуй богу, невядомыя гады нават гэтыя дакументы не забыліся пакласці да пашпарта.
– Колькі метраў?
– Чаго?
– Я пытаюся, колькі метраў палатна?
– Ну, вы ведаеце, мастацтва такімі катэгорыямі не вымяраюць. Хаця, можа, у вас свая тэорыя? Будзеце вымяраць? Давядзецца з цягніка выносіць і раскручваць…
Мытнік пачырванеў; здавалася, што яго паклалі на электрапліту і ён зараз зашыпіць і задыміцца. Па ягоных пагонах поўзала тоўстая муха. Фарш, які перасяліўся са сваёй жонкай да мяне ў купэ, хацеў ужо заступацца, гэта было заўважна па ягоным выразе твару… І толькі… Дарэчы, якая там была цісканіна!.. Гэты бегемот Фарш займаў палову прасторы. Як карціны змясціліся, я не ўяўляў… І толькі Фарш разяпіў сваю бегемотавую