Рай даўно перанаселены (зборнік). Алена Брава. Читать онлайн. Newlib. NEWLIB.NET

Автор: Алена Брава
Издательство: Электронная книгарня
Серия: Другі фронт мастацтваў
Жанр произведения: Современная зарубежная литература
Год издания: 2012
isbn: 978-985-6906-58-2
Скачать книгу
па-ранейшаму стаяць кнігі, з якіх дачка чэрпала ўяўленні пра шчасце. Маці іх, зразумела, не чытае. Яна спусташае адным глытком паўбутлі хатняе наліўкі, выключае тэлевізар і накіроўваецца да аўтобуснага прыпынку. Як заўжды, балесны выгляд дачкі выклікае ў маці задавальненне яе ўласным нязменна добрым здароўем ды цудоўным настроем. Засмучае яе адно: дачка – які жах! – зусім не глядзіць тэлевізар. На думку Галіны Іларыёнаўны, гэты факт неабвержна сведчыць пра псіхічнае расстройства. З перабольшанай клапатлівасцю яна раіць Юлі плюнуць на усіх, асабліва на мужчын, як тое даўно зрабіла яна, маці. Дачка абяцае – зразумела, для таго, каб хутчэй выправадзіць маці. Але зрабіць гэта не так проста. У Галіны Іларыёнаўны з’явілася новае хобі – глядзецца ў люстэрка.

      «Праўда, у мяне цудоўны колер твару?» – пытаецца яна, з аса-лодай разглядаючы сябе.

      «Так, мама».

      «Гэта таму, што я капусту з морквай ем!»

      Сёння яна адна навярнула цэлую патэльню.

      «У капусце шмат вітамінаў. А ты – ты дрэнна выглядаеш. Вунь і зубы пацямнелі…»

      Задаволеная, маці пераходзіць да кніжных паліц. Яе бровы паўзуць уверх у карцінным абурэнні.

      «Што гэта? На-бо-каў?! Якая лухта! Я чула ўрывак па тэлевізары… Ніхто яго не чытае, бо не разумее («Гэтую фісгармонію без шклянкі не зразумееш!» – рэхам адгукаецца ў Юлінай памяці). І, дарэчы, чаму ў цябе зусім няма дэтэктываў?! Як жа можна так жыць?! І вось яшчэ. Днямі цёця Тоня з першага пад’езда… ну тая, у якой чучала глушца і муж палкоўнік, памятаеш? – прынесла мне кніжку, як там яе… «Пацалунак монстра». Міленькая штучка! Я табе абавязкова прынясу!»

      Юля шчыра здзіўляецца свайму цярпенню. Колькі яна яшчэ здолее трываць? Нарэшце, маці быццам бы сабралася сыходзіць. Юля спрабуе зачыніць за ёй дзверы, але гэта не ўдаецца. У прыступе гуллівай весялосці маці какетліва, нібыта маладая дзяўчына суджанаму, гразіць дачцэ пальчыкам:

      «Зноў ты сумуеш? Плюй на ўсіх! На ўсіх! І табе адразу стане добра!»

      Дык вось ён, найпрасцейшы рэцэпт душэўнае раўнавагі! Будысты былі б у накауце. Маці прагна ловіць позірк дачкі, каб пацешыцца гідлівасцю, якая адаб’ецца на яе твары, але тая ўпарта разглядвае пляму на падлозе.

      «Вось ты не глядзіш тэлевізар, нічога не ведаеш, – спяшаецца сказаць маці, бо дачка зноў спрабуе зачыніць за ёю дзверы. – Учора ў Польшчы абрынуўся дом, загінулі семдзесят пяць чалавек! А на мінулым тыдні была катастрофа самалёта ў Інданэзіі! Трупы пасажыраў так і не знайшлі!»

      Ах, вунь яно што! Да Юлі, нарэшце, даходзіць. Сілы і здароўе маці дае не толькі бядотны стан дачкі: яе шчупальцы захопліваюць увесь свет. Юля ўсё ж зачыняе дзверы, але маці тут жа прасоўваецца назад:

      «Толькі дурні не глядзяць тэлевізар! Я калі на камбінаце працавала, дык ніводнага партыйнага сходу не прапусціла, усё баялася, што без мяне штосьці дужа важнае скажуць!»

      Цяпер маці на пенсіі, і партыйныя сходы замяніў тэлевізар.

      Калі маці ў рэшце рэшт сыходзіць, Юля, гэтая Жана д’Арк