– Гэта ён? – асцярожна спытаў я, і жанчына, не паварочваючыся, сцвярджальна кіўнула галавой. – Ён вас кінуў?
Пра сябе я падумаў, што толькі поўны дэбіл можа добраахвотна адмовіцца ад такой прыгажуні. Прынамсі, твар мужчыны на здымку занадта інтэлектуальным назваць было цяжка, але і на поўнага ідыёта ён таксама не выглядаў.
– Ён памёр! – Жанчына павярнулася ў мой бок, вочы яе, вялізныя і падазрона бліскучыя, нечакана апынуліся зусім побач з маім тварам. – Ён пакончыў з сабой, разумееце! Тры гады таму, а я да гэтага часу так і не ведаю, навошта ён гэта зрабіў! Магчыма таму, што я сказала яму ў той вечар… не трэба мне было гаварыць яму ўсё гэта…
Мне стала няёмка.
– Прабачце! – прамармытаў я. – Я… я проста не ведаў…
Але жанчына ўжо ішла да стала.
– Я вас загаварыла! – Яна села і жэстам паказала мне на крэсла насупраць. – Сядайце, вы, напэўна, ужо паспелі прагаладацца!
Разумеючы, што мая адмова можа зняважыць гаспадыню, я паслухмяна заняў сваё месца за сталом. Тым больш што я і сапраўды паспеў ужо прагаладацца за доўгі і нялёгкі сённяшні дзень.
Вячэра наша прайшла моўчкі, калі не лічыць таго, што жанчына час ад часу тлумачыла мне назву той ці іншай, незнаёмай мне, стравы і адразу ж запрашала яе пакаштаваць. Размовай гэта назваць было цяжка, нават калі ўлічваць той бясспрэчны факт, што я таксама час ад часу выціскаў з сябе фразы, накшталт дзяжурнага «дзякую, пакаштую абавязкова» ці «вельмі смачна»…
Потым жанчына, прыбраўшы з маёй дапамогай стол, паставіла на яго дзве бутэлькі віна і два высокія келіхі пунсовага колеру.
– Вы, спадзяюся, не супраць?
Зразумела ж, я і цяпер не змог ёй адмовіць. Адкаркаваўшы адну з бутэлек, я разліў віно па келіхах. Віно было цёмна-чырвонае, з прыемным пахам, але назву на этыкетцы я прачытаць так і не змог, этыкетка амаль стлела ад старасці…
– За нашу сустрэчу! – прапанавала жанчына, узнімаючы свой келіх. – І за ваш «мерсэдэс», які так своечасова сапсаваўся!
Ад нечаканасці я ледзь не выпусціў келіх з рукі. Я нічога не казаў жанчыне пра машыну, ды і яна ў мяне нічога такога не пыталася. Але, урэшце, якая іншая прычына магла прывесці незнаёмца сюды, у гэты, заціснуты з усіх бакоў лесам, адзінокі катэдж, ды яшчэ дажджлівым восеньскім адвячоркам. Ну а марку машыны жанчына магла проста адгадаць выпадкова…
Віно на смак аказалася вельмі прыемным і да таго ж даволі моцным. Стаўляючы парожні келіх на стол, я заўважыў, што жанчына ўсё яшчэ не выпіла.
– Шкада, што памёр мой муж! – прашаптала яна ледзь чутна. – Ён быў добрым аўтамеханікам і адразу б вызначыў непаладку ў вашым аўтамабілі. А я… – яна таропка выпіла віно і, паставіўшы келіх на стол, крыху падсунула яго ў мой бок. Зразумеўшы гэты яе жэст, я зноў напоўніў абодва келіхі віном.
Гадзіннік на сцяне насупраць прабіў дзесяць разоў.
– Вы не вельмі стаміліся? –