– Гэта тут? – ціха спытаў Юрась, і раптам адчуў, як яго халоднай хваляй пранялі дрыжыкі. Ён ужо амаль верыў словам сябра, ён верыў ім ужо без усялякага нават «амаль».
– Бліжэй падысці трэба, – чамусьці прашаптаў Алег і, першым ступіўшы да жоўтага пясчанага грудка, азірнуўся. – Ну, чаго стаіш?! Сюды ідзі!
Юрась паспешліва падышоў да сябра, стаў побач з ім. Ён шчыра спадзяваўся, што ўнутраны стан ягоны ніякім чынам не адбіўся на выразе твару, і што знешне ён, Юрась, выглядае гэтак жа спакойна і ўпэўнена, як і Алег.
Некалькі хвілін хлопцы стаялі моўчкі.
– Не чуваць! – з палёгкай сказаў Юрась і, зірнуўшы ў бок сябра, шырока і хітравата ўсміхнуўся. – Ты гэта знарок, так? Пажартаваць вырашыў? – і, штурхануўшы Алега локцем у бок, дадаў: – Лічы, што атрымалася! Я нават купіўся ў нейкі момант! – І ён засмяяўся…
Але тут Алег, нічога не адказваючы, раптам з сілай ударыў кулаком па крыжы. І смех адразу ж абарваўся, і валасы самі сабой заварушыліся на галаве ў Юрася, ногі зрабіліся ватныя, а грудзі імгненна апёк знутры нейкі незразумелы ці то жар, ці то люты зімовы холад. Бо знізу, з-пад зямлі, раптам пачуўся ледзь чутны жаночы голас.
– Памажыце! – жудасна стагнаў, прыглушаны зямлёй і адлегласцю, ціхі гэты голас. – Хто-небудзь! Памажыце!
Юрась інстыктыўна адхіснуўся ўбок, ледзь не збіўшы з ног сябра. Алег застаўся на месцы, але сумненняў не заставалася – ён таксама чуў голас з-пад зямлі.
– Ну што, пераканаўся?
– Яна… – Голас не слухаўся Юрася, словы выляталі з роту нейкімі кароткімі, амаль невыразнымі ўрыўкамі,– яна што, жывая?! Яна жывая там?!
Алег нічога не адказаў. Ён стаяў, маўчаў і ўсё глядзеў і глядзеў ў вочы сябру. Дзіўна неяк глядзеў…
– Трэба яе хутчэй адкапаць! – Юрасёў голас задрыжэў і зноў сарваўся. – Трэба паклікаць каго… знайсці рыдлёўкі! І як мага хутчэй! Яна можа задыхнуцца там… у любы момант можа задыхнуцца…
Нейкі час сябры моўчкі глядзелі адзін аднаму ў вочы.
– Чаму ты ўсё маўчыш, Алег? – прамовіў, нарэшце, Юрась. – І чаму ты так глядзіш на мяне?
Алег неяк дзіўна ўсміхнуўся. Дзіўна і трывожна. Потым паказаў рукой на крыж.
– Там, на крыжы, дата смерці,– ціха сказаў ён. – Паглядзі на яе!
Юрась, яшчэ нічога не разумеючы, тым не менш паслухмяна зірнуў на крыж. Год нараджэння… год смерці… пражыла ўсяго толькі дваццаць тры гады з паловай… памерла… Памерла сёмага красавіка…
Цяпер была сярэдзіна жніўня!
– Зразумеў?! – Алег па-ранейшаму не адводзіў ад сябравага твару заклапочана-трывожнага позірку. – Яна не можа быць жывой, ніяк не можа! Такое немагчыма!
– Немагчыма… – машынальна паўтарыў Юрась і гэтак жа машынальна перавёў погляд на жоўты грудок перад сабой. На грудку ўжо дзе-нідзе