Рынкавыя таварна-грашовыя адносіны, адроджаныя пасля ўвядзення НЭПу, узнавілі ў БССР у абмежаваным выглядзе прыватную ўласнасць на нерухомасць і здзелкі з ёю. Частка муніцыпалізаванага жыллёвага фонду была вернута ўладальнікам, здадзена ў арэнду альбо набыта ў прыватную ўласнасць. З’явіўся рынак нерухомасці. Аднак ва ўмовах жыллёвага крызісу частка дамоў (9,2 %) не падлягала дэмуніцыпалізацыі і знаходзілася ў распараджэнні дзяржавы. Сярод іх найбольш прэстыжныя былі дамы з асобнымі кватэрамі для вышэйшай партыйнай і савецкай наменклатуры.
У 1923 г. памер жылой плошчы на аднаго чалавека ў гарадах Савецкай Беларусі складаў у сярэднім 7 кв. метраў. Жыллёвы фонд рэспублікі ў той час на 95,4 % складаўся з драўляных і на 96,2 % з аднапавярховых дамоў. Галоўным забудоўшчыкам у сферы жыллёвага будаўніцтва ў рэспубліцы на працягу 1920-х гг. заставаўся прыватны ўласнік. Аднак яго доля ўвесь час памяншалася з 93 % у 1924 г. да 65,5 % у 1929 г., саступаючы дзяржаўным будаўнічым арганізацыям. Адначасова з гэтым павялічвалася населенасць жытла: напачатку 1928 г. у Мінску было ў сярэднім 4,5 кв. метры жылой плошчы на чалавека[117].
Пачатак згортвання НЭПу ў сферы нерухомасці быў адзначаны новым кватэрным перадзелам, які пачаўся пасля пастановы ЦВК і СНК БССР ад 15 верасня 1927 г. «Аб прымусовым пацясьненьні ў дамах». Паводле гэтай пастановы рашэннем мясцовага начальства любая кватэра, дзе меўся «лішні непрахадны пакой», пераўтваралася ў камуналку[118]. Адпаведна пастанове ЦВК і СНК БССР «Пра пацясьненьне і перасяленьне ў муніцыпалізаваных і прыватных дамах» ад 5 чэрвеня 1929 г. адбылася новая хваля перадзелу нерухомасці, які ажыццяўляўся паводле класавага прынцыпу[119]. Працэдура муніцыпалізацыі прыватных дамоў адбывалася праз суды, дзе інсцэніраваліся справы «аб безгаспадарчым утрыманні прыватных дамоў». Так, на паседжанні яўрэйскага суда Мінска 8 кастрычніка 1929 г. падобным чынам былі муніцыпалізаваны 3-павярховая камяніца Шнітмана (вул. Ленінская, 12), дзве 2-павярховыя камяніцы Евелева, дзе змяшчаліся 15 кватэр, 23 крамы і 11 складскіх памяшканняў (вул. Гандлёвая, 50) і дзве 3-павярховыя камяніцы Рубенчыка, дзе змяшчаліся 24 кватэры (Школьная[120], 10). Толькі на працягу кастрычніка таго ж года яўрэйскі суд сталіцы разгледзеў яшчэ 15 падобных спраў[121].
Рэлігія была такім жа важным складнікам ментальнасці чалавека пачатку ХХ ст., як і ўяўленне пра Дом. Яна была шчыльна звязана з традыцыйнымі бытавымі практыкамі. Ментальная і бытавая рэлігійнасць супярэчыла атэістычнай накіраванасці савецкай улады, якая імкнулася дыскрэдытаваць і маргіналізаваць