Канструяванне «новага быту»
Ідэя радыкальнай перабудовы бытавых адносін у выглядзе сацыялізацыі быту атрымала шырокае распаўсюджанне адразу пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 г. Яна стала прадметам адкрытага абмеркавання ў шырокай аўдыторыі, але пераважна моладзевай. Барацьба са старым бытам разглядалася ў якасці найважнейшай умовы прасоўвання чалавека ў камуністычную будучыню, аднак вялася яна з пераменным поспехам.
На працягу разгляданага дзесяцігоддзя адбылося шмат дыскусій, з’явілася вялікая колькасць палемічных артыкулаў аб пераўладкаванні быту савецкага чалавека. Іх удзельнікі і аўтары абмяркоўвалі ідэю «сям’і» на 1000–3000 чалавек, спрачаліся, якія дамы і кватэры патрэбны рабочым, якімі павінныя быць касцюм камуніста і камсамольца, мэбля і інтэр’ер яго жытла. У палеміку былі ўцягнуты ўстановы культуры – на сцэнах клубаў, тэатраў, у кіно дэманстраваліся праекты новых дамоў-камун, асэксуальнага адзення, мінімалістычнай мэблі. Двухспальны ложак разам са шлюбным строем і заручальным пярсцёнкам ганіліся як праявы мяшчанства і сэксуальнай эксплуатацыі жанчыны. Сыходзілі ў нябыт правілы этыкету, што рэгулявалі паводзіны мужчын у дачыненні да жанчын. З гэтым адразу ж пасля прыезду з Латвіі ў 1925 г. сутыкнулася беларускі педагог, актрыса і мемуарыстка П. В. Мядзёлка. Яна наступным чынам перадае свае першыя ўражанні ад БССР: «Аднойчы ў сталоўцы, устаўшы з-за стала пасля абеду, брат падаў мне жакет і памог апрануць яго. У зале зарагаталі, паднялі нас на смех: “Бач ты, якія далікатныя панічы ў нас з’явіліся!”»[115] Яшчэ ў больш няўклюднае становішча брат мемуарысткі трапіў, калі падчас знаёмства з жанчынай паспрабаваў пацалаваць ёй руку.
Быў уведзены строга класавы прынцып размеркавання матэрыяльных і духоўных каштоўнасцей, у выніку якога старыя сацыяльныя эліты (акрамя патрэбных уладзе прадстаўнікоў інтэлігенцыі) былі пазбаўлены сродкаў існавання. Аб’ектам крытыкі ў афіцыйнай публічнай прасторы перыядычна рабіўся заможны, уладкаваны на ўзор імперскага часу быт новай буржуазіі (нэпманаў), а таксама дзяржаўных служачых. Быт