Неўзабаве ідэалагічныя канструкцыі прыйшлі ў супярэчнасць з жыццёвымі рэаліямі і савецкі ўрад мусіў пайсці на алкагольнае напаўненне бюджэту. Ужо ў 1920 г. былі дазволены выраб і продаж вінаграднага віна, у 1922 г. – піва, а 26 жніўня 1923 г. сумеснай пастановай ЦВК і СНК СССР былі ўзноўлены манапольны дзяржаўны выраб і продаж спіртных напояў. Подпіс старшыні СНК А. І. Рыкава, які стаяў пад гэтай пастановай, даў падставу для жартаўнікоў называць савецкую трыццаціградусную гарэлку «рыкаўка». У 1928 г. спажыванне гарэлкі ў БССР склала ўжо 8,6 л на чалавека[123], што прымусіла сталічны гарадскі савет распачаць работы па адкрыцці дыспансера для лячэння алкаголікаў з выцвярэзнікам пры ім[124]. Афіцыйная статыстыка спажывання алкаголю не ўлічвала колькасць нелегальна вырабленага ў вясковай мясцовасці самагону. Між тым аб’ёмы гэтай дзейнасці насельніцтва ўражваюць. Так, у 1927 г. у Гомельскай акрузе было выраблена 4 млн 900 тыс. бутэлек самагону[125], у Аршанскай акрузе – 4 млн бутэлек[126].
Адным з вынікаў рэзкага павелічэння ўжывання алкаголю стала пашырэнне бытавога гвалту. Яго ахвярамі звычайна рабіліся жанчыны. Напрыклад, жыхар в. Зянонтолле Чэрвеньскага раёна У. К. Барташэвіч пасля застолляў з сябрамі прымушаў жонку распранацца дагала і танчыць перад імі «накшталт амерыканскіх шансаньетак», а калі тая адмаўлялася, дык збіваў яе да страты прытомнасці[127].
Сур’ёзнай сацыяльнай праблемай, якая таксама не ўкладалася ў канструкцыю «новага быту», было хуліганства – своеасаблівая моладзевая субкультура гарадскіх рабочых ускраін, адкуль яна прыйшла ў мястэчка і вёску. Зграі хуліганаў збівалі людзей на вуліцах, тэрарызавалі іх у клубах, кіно, піўных, на вячорках і нават на працы. Так, у Быхаўскім раёне майстар гуты «Ільіч» Пазняк, убачыўшы заснулую ля вапнай печы цяжарную работніцу Паўлаву, склікаў рабочых цэха, узняў спадніцу жанчыны і з сілай сунуў туды брудны кій. «Крык няшчаснай Паўлавай на хвіліну аглушыў шумлівае памяшканьне»[128]. Небяспечна было наведваць вячоркі ў в. Баркі Копыскага раёна. Напачатку 1928 г. мясцовы селькор апісаў іх наступным чынам: «Нядаўна хлопцы напіліся, разьюшыліся і радзі пацехі павесілі ў вёсцы дзяўчыну. Пайшлі пагуляць у суседнюю вёску – зарэзалі нажамі хлопца»[129]. Падобная атмасфера гвалту панавала на вячорках у Залінейным раёне Гомеля, дзе ў сакавіку 1928 г. «зарэзалі кандыдата партыі і забілі чырвонаармейца»[130].