Больш разняволенай, чым на ўрачыстым сходзе БДУ, была атмасфера пасяджэння гісторыка-сацыялагічнай секцыі навуковага таварыства пры ўніверсітэце, якое адбылося 11 лютага 1923 г. С. З. Кацэнбоген прапанаваў удзельнікам сходу даклад, у якім зрабіў сацыялагічны аналіз «этнаграфічнага рамана» французскага пісьменніка афрыканскага паходжання Р. Марана «Батуала»[74]. Даклад выклікаў «жывыя і цікавыя дэбаты», бо Кацэнбогена ў рамане прыцягнула не яго антыкаланіяльная накіраванасць, а «суцэльная свабода палавых адносін у адсталых плямёнаў падчас значных гадавых свят, асабліва падчас свята прысвячэння юнакоў і дзяўчат у сапраўдныя, дарослыя члены племені»[75]. Увесь пафас выступу Кацэнбогена быў накіраваны на падтрымку тэорыі першабытнага грамадства Л. Г. Моргана («моргана-энгельсаўскай канцэпцыі»), у прыватнасці яго тэзіса аб неўпарадкаваных палавых адносінах, што і даказваў раман Р. Марана. Адначасова малады беларускі сацыёлаг крытыкаваў заходніх вучоных на чале з адным з заснавальнікаў сэксалогіі Э. А. Вестэрмаркам, якія лічылі, што ў першабытным грамадстве існаваў «абасоблены шлюб» (Sonderehe).
Разняволенасці пасяджэння навуковага таварыства пры БДУ 11 лютага 1923 г. паспрыяў падбор цытат з рамана Р. Марана, якія прапанаваў дакладчык яго ўдзельнікам. Вось адна з іх, дзе апісваецца абрад ініцыяцыі ў цэнтральнаафрыканскім племені: «Усе гэтыя крыкі, усе гэтыя бязладныя танцы павінны былі толькі падрыхтаваць тое, што ўсе чакалі: танец кахання, які танчаць толькі ў гэты вечар, калі дазволена аддавацца распусце… На Ясігінджы быў надзеты велічэзны фалус з размаляванага дрэва… Драўляны фалус падскокваў пры кожным яе руху… Мужчыны скінулі кавалкі матэрыі, якія апяразвалі іх сцёгны, жанчыны скінулі свае пярэстыя фартухі, у каго яны былі. Грудзі – мужчынскія і жаночыя – удараліся адна аб адну. Дзеці пераймалі рухі дарослых… завязвалася барацьба, чуліся хрыплыя воклічы. Часам целы выцягваліся на зямлі, паўтараючы ўсе рухі танца… Над усімі ўладна панавала толькі жаданне»[76]. У іншым месцы свайго выступлення С. З. Кацэнбоген прапанаваў погляд на абразанне[77] як на абрад ініцыяцыі хлопчыкаў-падлеткаў: «…старажытны і сівы, як само чалавецтва»[78]. Вучоны працягваў даследаваць палігамныя