У 1925 г. рэдакцыя віцебскай газеты «Зара Захаду» паведаміла чытачам пра гурток быту, які дзейнічаў пры ёй. На яго паседжаннях абмяркоўваліся пераважна пытанні барацьбы са спадчынай мінулага ў выглядзе ненармальных адносін паміж мужчынамі і жанчынамі – прастытуцыі, абортаў, венерычных захворванняў, палавых вычварэнняў. Разам з тым сябры гуртка быту не маглі ўстрымацца ад таго, каб зазірнуць у будучыню. Так, на паседжанні гуртка 8 лютага 1925 г. было вырашана ўвесці «…прастату, нармальную, натуральную неабходнасць у палавыя зносіны… якія працягваюць заставацца сакрэтна-забароненым, таямнічым, пра што гавораць шэптам, чаго дамагаюцца хітрыкамі»[55]. У студзені 1925 г. сябры гуртка ў поўным складзе наведалі лекцыю-дыспут «Як і навошта мы бярэмся шлюбам», што адбылася ў Віцебскім гарадскім тэатры[56]. У снежні таго ж года Віцебскі тэатр не ўмясціў усіх, хто жадаў праслухаць лекцыю «Палавое рабства», прачытаную вядомым дзеячам расійскага рэвалюцыйнага руху У. А. Пасэ, падчас якой ён «сакавіта і вобразна» распавядаў пра паэтыку палавога акта[57].
Дыскусія аб узаемаадносінах палоў у сацыялістычным грамадстве выходзіла на вышэйшую партыйную трыбуну рэспублікі. Так, на адным з паседжанняў Х з’езда КП(б)Б, якое адбылося 8 студзеня 1927 г., прыбылы з Масквы начальнік Усходняга аддзела АДПУ, па сумяшчальніцтве член Камісіі партыйнага кантролю пры ЦК УКП(б) Я. Х. Петэрс ухіліўся ад прамога адказу на пытанне аб стандартах сэксуальных паводзін камуністаў. Прадстаўнік «партыйнай інквізіцыі», праз чые рукі прайшлі сотні спраў членаў УКП(б), якія адмовіліся ад уласных жонак і дзяцей, сказаў, што яму цяжка дакладна высветліць характар адносін жанатых камуністаў з іншымі жанчынамі і як гэтыя адносіны стасуюцца са знаходжаннем у партыі. І дадаў: «Жыццё ў нас надзвычай ненармальнае. Я не ведаю, як камуністы будуць жыць пры камунізме»[58].
Новы тэарэтычны складнік у дыскусію аб адносінах палоў пры сацыялізме прапанавала маладая беларуская сацыялогія. Прафесар БДУ С. Я. Вальфсон прысвяціў гэтаму пытанню асобную манаграфію пад назвай «Сацыялогія шлюбу і сям’і». Пачынаючы з 1926 г. малады сацыёлаг змяшчаў фрагменты з яе ў перыядычным друку. Ужо ў першай падобнай публікацыі ён праводзіць думку пра ўмоўнасць, часовы характар маральных норм у чалавечым грамадстве, пачынаючы ад сораму дэманстраваць уласнае аголенае цела і сканчаючы сорамам імкнення да палігамных сэксуальных зносін. На яго думку, у адрозненне ад жывёл, якія спрадвеку падзяляліся і будуць падзяляцца на манагамных і палігамных, чалавечае грамадства «…ня знае адвечных і якія раз на заўсёды вызначаюцца маральных