I тады быў заўважаны прыход Чырвонае Смерці. Яна прыйшла, як злодзей уночы. І падалі адзін за адным бяседнікі ў акропленых крывёю пакоях сваёй раскошы, і кожны з іх паміраў у безнадзейным падзенні. І жыццё гадзінніка згасла разам з жыццём апошняга распусніка. І памерлі агні ў жарніцах. І Цемра, Заняпад і Чырвоная Смерць бязмежна запанавалі над усім.
Вільям Вільсан
Што скажа мне суворае Сумленне, здань на маёй сцяжыне?
Для пачатку дазвольце мне называць сябе Вільямам Вільсанам. Белая папера перада мной не заслугоўвае таго, каб трываць маё сапраўднае імя. Яно даўно ўжо выклікае жах, зрабілася ганебнай плямай на маім родзе. Куды толькі не даляталі абураныя вятры, разносячы плёткі пра маю неймаверную гнюснасць. О, выгнаннік выгнаннікаў, пакінуты цяпер усімі, ці не памёр ты назаўжды для свету? Для яго павагі, шанавання і найлепшых памкненняў? – ці не закрыла цяжкая, цёмная і бязмежная хмара ад цябе нябёсы і надзеі на райскае збавенне?
Дазвольце мне не апісваць тут апошнія гады маіх невыносных пакутаў і недаравальных злачынстваў. У апошнія гады я пераўзышоў самога сябе ў подласці, карані якой жадаю тут выкрыць. Людзі ва ўсім развіваюцца паступова – я ж, наадварот, усю дабрадзейнасць, нібы плашч, скінуў у адно імгненне і адзеў замест яе цяжкі саван віны. Ад даволі звычайнай распусты я зрабіў гіганцкі крок да гнюснасцяў Геліягабала*. Што і калі абудзіла гэтае зло? Паслухайце мяне, хаця б пакуль я буду гэта высвятляць. Смерць, набліжаючыся, ужо кінула на мяне свой слабы цень, змякчыўшы лютасць майго духу. Праходзячы цёмнай далінаю*, я прагну спачування – ледзь не сказаў «жалю» – маіх братоў. Я не супраць, каб яны паверылі, што я ў нечым ахвяра збегу абставін. Я быў бы рады, каб яны адшукалі ў прыведзеных фактах невялічкі аазіс перадвызначанасці ў пустыні памылак. Я з прыемнасцю пераканаў бы іх – і яны пераканаліся б: хоць спакусы і раней былі вялікія, але чалавек ніколі так не падпадаў пад іх уплыў, а таму ніколі не падаў так нізка – і не так моцна пакутаваў. Ці не было гэта толькі сном? Ці не гіну я ахвярай самай жахлівай і таямнічай з усіх зямных відзежаў?
Я нашчадак роду, чыёй вызначальнай рысай заўжды былі фантазія і палкі тэмперамент, і ўжо з маленства я быў жывым доказам сямейнага характару, атрыманага ў спадчыну. З гадамі ён праяўляўся ўсё мацней, нярэдка выклікаючы сур’ёзную трывогу ў маіх сяброў і прыносячы шкоду