У такіх уладаннях – у такім шлюбным пакоі – бавіў я з лэдзі Равэнай грэшныя гадзіны ў першы месяц пасля нашага вяселля, бавіў без асаблівых трывог. Я бачыў, што жонка мая баіцца маёй лютасці і змрочнасці, пазбягае мяне і не палае гарачым каханнем, але гэта мне хутчэй падабалася, чым наадварот. Я адчуваў да яе нянавісць, уласцівую хутчэй дэману, а не чалавеку. Памяць мая вярталася (о, з якім шкадаваннем!) да Лігеі, каханай, велічнай, прыўкраснай, пахаванай. Я жыў згадкамі пра яе чысціню, мудрасць, высокую, незямную натуру, жарснае каханне, што межавала з абагаўленнем. І тады душу маю цалкам, наўсуцэль ахоплівалі агні, яшчэ гарачэйшыя за ўсе агні яе душы. У опіюмных мроях (а я не вызваляўся з кайданаў гэтага зелля) я выкрыкваў яе імя – у начной цішы і ў дзённым цені далін, нібы сваёй дзікай прагай, змрочнай жарсцю і ўсёпаглынальным сумам па памерлай я мог вярнуць яе на зямныя сцежкі, якія яна пакінула – о, няўжо назаўжды?..
Калі ішоў другі месяц нашага шлюбу, лэдзі Равэна раптоўна захварэла і ачуньвала вельмі павольна. Ліхаманка не давала ёй спаць начамі, і ў трывожнай дрымоце яна казала пра гукі і рухі ў вежы, у пакоі і над ім, але я палічыў, што яны выкліканыя толькі яе расстроеным уяўленнем або фантасмагарычным уплывам самога пакоя. Урэшце ёй палепшала, і яна зусім ачуняла. Аднак мінула зусім мала часу, калі другая, яшчэ цяжэйшая хвароба зноў кінула яе на ложак пакутаў. І ад гэтай хваробы яна, і да таго слабая, так і не акрыяла. З таго часу яе хваробы рабіліся ўсё больш страшнымі, а найстрашнейшым было іх пастаяннае вяртанне, і ўсе веды і высілкі дактароў не маглі ёй дапамагчы. З узмацненнем хваробы, якая займела над ёй столькі ўлады, што выратаваць яе было па-за межамі чалавечых сілаў, я не мог не заўважыць і ўзмацнення нервовага разладу і яе здольнасці хвалявацца з самай нязначнай нагоды. Яна ўсё часцей і настолівей казала пра гукі, ледзь чутныя гукі і незвычайныя рухі ў драпіроўках, што здаваліся ёй і раней.
Аднае ночы, у канцы верасня, яна загаварыла пра гэтыя жахлівыя сненні з большай настойлівасцю, чым звычайна, спрабуючы звярнуць на гэта маю ўвагу. Тады яна толькі што абудзілася ад неспакойнага сну, і я са змяшаным пачуццём нецярпення і няяснага страху сачыў за зменамі выразаў яе твару. Я сядзеў у галавах эбенавага ложка на адной з індыйскіх атаманак. Яна прыўзнялася і загаварыла ледзь чутным шэптам пра гукі, якія тады чула яна, але не я; пра рухі, якія тады бачыла яна, але не я. Вецер моцна калыхаў драпіроўкі, і я хацеў паказаць ёй (чаму, прызнацца, не да канца верыў), што менавіта ад ветру ўзнікаюць тыя невыразныя ўздыхі і ледзь заўважныя рухі арабесак. Але змярцвелая бледнасць яе твару сказала мне пра марнасць маіх высілкаў разупэўніць яе. Здавалася,