Маска Чырвонае Смерці (зборнік). Эдгар Алан По. Читать онлайн. Newlib. NEWLIB.NET

Автор: Эдгар Алан По
Издательство: Электронная книгарня
Серия: Бібліятэка часопіса “ПрайдзіСвет” “PostScriptum”
Жанр произведения: Зарубежная классика
Год издания: 0
isbn: 978-985-90386-8-6
Скачать книгу
Вільсана быў для мяне прычынай вялікіх пакутаў: нягледзячы на выклік і браваду, з якімі я паводзіўся з ім на людзях, я ўсё ж разумеў, што баюся яго, бо не магу прыняць роўнасць між намі, якое ён з такой лёгкасцю дасягаў, – а гэта ўжо даказвала ягоную перавагу, бо мне каштавала бясконцых высілкаў. Да таго ж ягоная перавага – менавіта гэтая перавага – не была бачная нікому, апроч мяне, і нашыя таварышы з нейкай невытлумачальнай слепасці, здавалася, нават не падазраюць пра яе. Насамрэч, гэтае спаборніцтва, гэтае супрацьстаянне і асабліва нахабнае і ўпартае ўмяшальніцтва ў мае справы былі выключна паміж намі. Ён падаваўся пазбаўленым той ганарыстасці і палкасці розуму, якія падагравалі мяне і вылучалі сярод іншых. У суперніцтве яго мэтай было толькі капрызнае жаданне замінаць мне, зневажаць мяне, хоць часам я не без абразы і раздражнення заўважаў, што ў яго нападах, кпінах і пярэчаннях праглядае недарэчная і, вядома, непажаданая пяшчота да мяне. Я разумеў, што гэтая ганарлівая саманадзейнасць вынікала з жадання апекаваць і абараняць.

      Магчыма, гэтая вызначальная рыса ў паводзінах Вільсана (плюс аднолькавыя імёны і абсалютна выпадковае паступленне ў школу ў адзін дзень) паўплывала на агульнае меркаванне, нібыта мы – браты, сярод старшакласнікаў. А яны зазвычай не надта паглыбляюцца ў справы малодшых. Я ўжо вышэй сказаў, прынамсі, мусіў сказаць, што Вільсан не меў нават аддаленага дачынення да маёй сям’і. Але, безумоўна, калі б мы былі братамі, мы б нарадзіліся блізнятамі, бо пасля таго як я пакінуў установу містэра Брэнсбі, я выпадкова даведаўся, што мой цёзка нарадзіўся 19 студзеня 1813 года* – а гэта даволі знакавае супадзенне, бо акурат у гэты ж дзень нарадзіўся і я.

      Магчыма, гэта дзіўна, але нават злосць і пастаянны неспакой, выкліканыя ў мяне суперніцтвам з Вільсанам і яго нясцерпным духам супярэчнасці, не маглі прымусіць мяне ўзненавідзець яго да канца. Амаль штодня мы мелі сутычкі, у якіх ён, саступаючы пальму першынства, у сваёй адвечнай манеры заўжды знаходзіў магчымасць даць мне адчуць, што гэта ён, а не я, заслугоўвае перамогі; тым не менш адчуванне гонару з майго боку і пачуццё ўласнай годнасці з ягонага дазвалялі нам не рабіцца шчырымі ворагамі, а падабенства нашых характараў абуджала ўва мне пачуццё, якому, магчыма, толькі нашае становішча замінала выспець у сяброўства. Вельмі складана вызначыць і пагатоў апісаць мае сапраўдныя пачуцці да яго. Яны ўтвараюць стракатую і неаднастайную сумесь – частка крыўдлівай варожасці, якая яшчэ не стала нянавісцю, часціна пашаны, вялікая частка павагі, шмат боязі і процьма цікаўнасці, за якую сорамна… Які-небудзь пісьменнік дадаў бы, што Вільсан і я былі непадзельнымі спадарожнікамі.

      Няма сумневаў, ненармальныя стасункі, што склаліся ў нас, накіроўвалі ўсе мае напады супраць яго (а іх было мноства – адкрытых і прыхаваных) у рэчышча кпінаў і грубых жартаў (што пад выглядам мілых забавак прыносяць боль), не даючы гэтым адносінам перарасці ў сур’ёзную і рашучую варажнечу. Але мае высілкі ў гэтым кірунку не заўсёды мелі