У павільён увайшоў Янік. Палаева заўважыла хлопца і паправіла прычоску. Але ён убачыў прыгожы русалчын стан, вакол якога струменіліся доўгія валасы – і застыў, як каменны, не маючы сілы адвесці вачэй ад аб’екта даследавання. Палаева нахілілася да Ханько і раўніва прашаптала:
– Давай праверым ніжэйшы парог дапушчальнай для яе вільготнасці!
Ханько кіўнула і зноў змяніла надвор е ў павільёне. Неўзабаве русалчына скура пакрылася плямамі, а валасы скруціліся, як водарасці, выкінутыя на бераг у самую спёку. Русалка ўпала на падлогу і пачала задыхацца.
– Хопіць! Хопіць! Вы ж яе… знішчыце! – закрычаў Янік, кінуўшыся да прыборнай панэлі. Экстраным пераключэннем кліматычнай праграмы хлопец выклікаў над вальерам трапічны дождж. Русалка ляжала, цяжка дыхаючы, і лавіла вуснамі кроплі выратавальнай залевы. Янік глядзеў на яе.
– Ну, добра. Дастаткова! Аб’яўляю перапынак! – дзелавіта сказала Ханько.
Дзяўчаты накіраваліся ў прыбіральню. Каля выхаду з павільёна Палаева азірнулася на русалку і працэдзіла праз зубы:
– Ты не атрымаеш ні Яніка, ні свой паганы грэбень!
Дзяўчаты выйшлі.
Янік выключыў дождж. Русалка ўстала, падышла да мяжы бар ера і прамовіла:
– Вада цягне валасы… Дай мне грэбень. Калі ласка, дай мне яго…
Непераадольная сіла прымусіла хлопца паглядзець у русалчыны вочы – жывыя, вялікія, напоўненыя слязьмі, як дзве крыніцы…
Янік забыўся, што ўмее дыхаць, а калі ўспомніў, некалькі разоў шумна ўцягнуў у лёгкія паветра. Ён навобмацак адамкнуў шафачку, выняў адтуль грэбень і кінуў яго русалцы.
Русалка ўхапіла грэбень і ўсадзіла яго сабе ў валасы. З іх пацяклі на падлогу моцныя струмені вады. Русалка з асалодай застагнала, засмяялася, але раптам стала сур'ёзнай і зашаптала:
– Выпусці мяне адсюль… выпусці! Я зраблю табе хораша ў адказ…
Хлопец канчаткова праваліўся ў бездань русалчынага пагляду. Ён працягнуў руку да выключальніка, каб зняць з русалкі электрамагнітны вальер, але раптам у павільён увайшоў Васіль Пятровіч.
– Янік! Янік! – паклікаў ён.
Голас навуковага кіраўніка выцягнуў хлопца з салодкага мроіва. Ён азірнуўся.
– Ідзі дадому, – сказаў Васіль Пятровіч.
– Я пабуду. Падзяжуру.
– Я сказаў – ідзі. Сёння дзяжурыць Палаева.
– Я падмяню Палаеву.
Васіль Пятровіч наблізіўся да Яніка, праверыў пульс на ягонай шыі, зазірнуў у пашыраныя зрэнкі.
– Вось што. У мяне адчуванне, што практычнае вывучэнне дыпломнага аб’екта нясе пагрозу твайму здароўю. З гэтай хвіліны я вызваляю цябе ад непасрэднага кантакту з русалкай, у тым ліку і візуальнага. Зразумеў? Няхай назіраннямі і вопытамі займаюцца дзяўчаты. А ты будзеш аналізаваць сабраныя дадзеныя і рабіць статыстыку.
Васіль Пятровіч сілай вывеў хлопца з павільёна.