– А я ведаю! – не чакаючы адказу, сказаў музейнік. – Будзе тваё цела існаваць па частках, рукі-ногі, пакуль не згніе, а сам ты бесцялесным духам будзеш блукаць у прасторы, напаўжывы… Пакуль цябе не спаймае які-небудзь малады вучоны ды не закатуе, як тваю русалку-юніверсалку.
Міраслаў асушыў кубак, выцер вусны рукавом і прамовіў:
– Дарэчы, яна ўчора была тут. Сядзела вунь на той бярозцы, у храм не ўвайшла – ну канешне, куды ёй, закладной! Мілата не пусціць. Чакала, пакуль я выйду сам і без крыжа. Скардзілася на вас. Аб табе казала, што прыйдзеш.
Янік дастаў з кішэні грэбень і працягнуў музейніку.
Міраслаў выцер кубак крысом і паставіў на месца. Потым ён адчыніў вялікую скрыню, што стаяла каля алтара. Скрыня амаль даверху была напоўненая грэбнямі – жалезнымі, срэбнымі, меднымі. Музейнік паклаў русалчын грэбень у скрыню і закрыў яе.
Потым Міраслаў прайшоўся каля стэнда з крыжамі, уважліва разглядаючы іх, і, нарэшце, выняў з-пад шкла адзін – маленькі, на залатым ланцужку. Музейнік пакруціў яго ў руках, павярнуўся да хлопца і спытаўся:
– Ты мне скажы: будзеш яе берагчы? Бо нашто істоту ачалавечваць, калі яна нікому не патрэбная?
– Буду берагчы! – адказаў Янік.
– Як хочаш, каб яе звалі? Можа, Марыяй?
– Можна і Марыяй. Прыгожа.
Святар усміхнуўся:
– Вось і добра! Развучым цябе і яе займацца забойствамі, навучым дарыць жыццё… А сына твайго першага ахрысцім Міраславам!
Глобус Еўропы
– Ці ёсць у вас глобус Еўропы? – спытаўся хлопчык у прадаўца.
Хлопчык быў маленькі і канапаты, а прадавец – вялікі і барадаты.
– Не, хлопчык. Няма. Учора прадаў апошні, а новую партыю яшчэ не прывезлі,– з усмешкай адказаў прадавец, пагладзіўшы рукой бараду.
– Шкада, – расчаравана прамовіў хлопчык і скіраваўся да выхаду.
– Пачакай, хлопчык! – паклікаў прадавец. – Нашто табе Еўропа? Яна такая мізэрная! Вазьмі лепш Ганімед.
Мужчына зняў з паліцы глобус Ганімеда і ўключыў яго ў сетку. Глобус, падсвечаны знутры, закруціўся вакол сваёй восі, і з яго загучала модная песенька.
– Вось, паглядзі: і глобус, і лямпа, і радыёпрымальнік – тры ў адным! І сам Ганімед – не тое, што Еўропа, ён вялікі і жалезны, сапраўдны мужчына! Ты ж хочаш вырасці сапраўдным мужчынам?
Хлопчык кіўнуў.
– Тады Ганімед – тое, што табе трэба! А ведаеш, хто такі Ганімед? О, я раскажу табе! Гэта быў сын траянскага цара Троса! Царэвіч, вось хто! І сам Юпітэр, ператварыўшыся ў арла, знёс яго на спіне ў свае нябесныя апартаменты, да багоў. Ну як? Бярэш?
– Не, – сказаў хлопчык. – Мне трэба Еўропа.
Прадавец паставіў Ганімед на прылавак і ўзяў з паліцы іншы глобус – жоўта-залаты, увесь пакрыты кратарамі.
– Можа быць, табе спадабаецца Ія? – спытаўся мужчына ў хлопчыка. – Яна ўся жоўтая, таму што на ёй многа серы. Толькі зірні, якая яна гарачая, колькі тут вулканаў! На ёй можна гатаваць ежу!
Прадавец уключыў глобус, і той пачаў разагравацца,