Дзень выбараў быў што судны дзень. Маці падрывалася ледзь не сярод ночы: у шэсць гадзін трэба было ўжо адчыніць дзверы выбарчага ўчастка і быць напагатове. Здаецца, гадзіны са дзве-тры камісія сядзела там самнасам. Потым пачыналі паціху ісці выбаршчыкі. Гадзіне а дванаццатай аж гул ішоў. А ў дзве гадзіны агітатары пачыналі шныпарыць па адрасах. Хто не прагаласаваў? Тое было страшэнным грахом – адмовіцца ўдзельнічаць у выбарах. Калі хто настойваў на сваім вольным праве не галасаваць – больш за ўсё пакутавалі агітатары: не змаглі давесці важнасць падзеі, садзейнічаюць парушэнню блока камуністаў і беспартыйных.
Маці Даны і Галіна Яўгенаўна, так бы мовіць, сімвалізавалі сабой той блок – і шчыравалі як маглі і нават больш за свае фізічныя магчымасці. Маці пасля ўсіх урачыстых падзей пакутавала на галаўны боль – потым высветлілася, што гэта былі гіпертанічныя крызы. Галіна Яўгенаўна таксама не цвіла здароўем.
Ну, але то быў нуднаваты і афіцыйна зацыклены свет дарослых. Для Даны і яе адналеткаў цікава было зусім іншае. На ўсіх выбарчых участках – у дзвюх школах, у тэхнікумах, у школе механізацыі – грала музыка. І можна было зусім свабодна, без запрашальных білетаў ці яшчэ якіх «квот» зайсці і танчыць. Незалежна ад узросту. Увогуле Дана не спяшалася стаць дарослай. Але ў дарослых было досыць многа пераваг, перш-наперш – незалежнасць. І магчымасць заходзіць куды хочаш – так ёй здавалася. А падчас выбараў у іх, падлеткаў, з’яўляліся перавагі. Ніякіх абавязкаў, нават галасаваць не трэба, а танцаваць можна колькі заўгодна і дзе заўгодна.
Урэшце выбарчая мітусня заканчвалася. Абраннікі народныя, клішыравана падобныя адзін да аднаго, займалі свае месцы на партрэтах, якія выцягвалі аднекуль падчас дэманстрацый. Здавалася, што нідзе канкрэтна, акрамя тых сховішчаў і партрэтаў, яны не існуюць.
Пазней Дана столькі разоў і ў такіх кантэкстах чула пра свабоду выбараў. Бачыла змены дэкарацый і змены «каравула» і асноўных дзеючых асоб, але галоўнае заставалася нязменным: прага ўлады, мітусня слоў пра волю, пра шчасце народа, а шчасце ўсё неяк, паводле вялікага паэта, было такім блізкім, такім магчымым, але заўсёды блукала, вандравала недзе не там, дзе быў яе народ, людзі, што жылі побач з ёю. І прыходзілі новыя гаспадары, з тымі ж і з новымі лозунгамі – а нічога не мянялася. Стракацелі новыя героі, з іх ужо не паспявалі рабіць партрэтаў, абыходзіліся фотаздымкамі і кадрамі хронікі – тым часам тэлехронікі, бо скрынка гэта замяніла сабой і сад, і агарод, і шпацыры, і відовішчы. Прынамсі, для большасці яе суайчыннікаў. І не суайчыннікаў таксама. Прыходзілі новыя, спрачаліся, ішлі напярэймы, выходзіў наперад зазвычай не лепшы. І ўсё адбывалася наноў. Круг рабіўся шырэйшы, але заставаўся кругам. Колцам. Палітычныя