Летам яны, здавалася, жылі на ганку. А Данчына маці адчувала няёмкасць ад гэтай кожнадзённай варты – яна праходзіла спрацаваная, не заўсёды ў гуморы, і ёй былі зусім недарэчы позіркі гэтых вольных, адпачыўшых жанчын.
Не была ў вялікім захапленні ад візітаў Іры, пляменніцы Клаўдзі Фёдараўны, і Дана. Сталічная госця была ўпэўненая, да правінцыялкі Даны ставілася звысоку, аднак таварышаваць ёй, падобна, тут больш не было з кім. І яны хадзілі разам гуляць у «два агні». Наладжвалі на ганку дома гульні ў «ручаёк», «глухі тэлефон», «фанты», «садоўніка».
У «ручайку» нехта «няпарны» падбіраў сабе «да пары» з тых, хто выстройваўся ў шэрагі пар. У «садоўніку» кожны браў сабе назву кветкі – ружа, лілея, бэз… А «садоўнік» крыўдаваў на тое, што ўсе кветкі яму абрыдлі, акрамя… Тая кветка, якую ўпадабаў «садоўнік», крычала: «Ой», а на пытанне: «Што з табой?» адказвала: «Закаханая»; а на чарговы запыт: «У каго?» мелася назваць чарговую «кветку»…
Гульні нечым падабаліся. Магчыма, тым, што лёгка так вымаўлялася пакрыёмае слова «закаханая», а яшчэ і выбарам – часам ён прыпадаў на таго ці на тую, на каго прыпадала і ўвага ў жыцці. Як і ў тым «ручайку» – трэба было ўзяць за руку, прайсці разам, нахінуўшы галовы праз узнятыя рукі: адчуць сябе абранай, выбранай і мець магчымасць выбраць самой. Проста так, як то бывае ў маленстве і юнацтве. Ты пэўна ведаеш, што гульня – гэта гульня і ўсе трымаюцца яе правіл. І ўсё «понарошку» і крыху сур’ёзна. І нібыта не толькі Анёл у цені сваіх крылаў паблажліва пазірае аднекуль з бліжэйшага ад замкавых вежаў воблака, але і цэлы гурт небанасельнікаў злёгку пасміхаецца з наіўнага спектакля, рэпетыцыі і будучага дзейства, што ў рэальнасці часта несла ў сабе магчымасць махлярства, аблуду, здраду, імкненне перахітрыць, нешта схаваць, а ў нечым пазначыць тое, чаго там ніколі не было. І тым больш чароўнай і нязмушанай чулася музыка былога, якою тут, здавалася, было насычана паветра, і незвычайнымі здаваліся зусім шараговыя суседскія хлопцы і дзяўчаты. І