У святой краіне выгнання. Ала Сямёнава. Читать онлайн. Newlib. NEWLIB.NET

Скачать книгу
спеваў была песенька ці не з гарадскога фальклору, што сталася ў 50-я гады ў выкананні Розы Багланавай шлягерам, – «Самара-гарадок». Дана сумленна падраблялася пад спявачку, падсмейвалася з гераіні песенькі і ўключыла, так бы мовіць, у рэпертуар яшчэ гарэзліва-іранічны раманс «Душачка». Сам-насам Дана захлыналася і арыяй Разіны, і душазначнымі рамансамі «Цёмна-вішнёвы шаль» і «Веснічкі». І збірала патроху па для «Балеро» Равэля: з кіно, з малюнкаў у кніжках, дзе ў прыгожых позах застылі тарэра і пікадоры, гранды і пеоны, ідальга і вакерас. Яна заліхвацкі блытала па караколес, сапатэо, оле, усе танцы Іспаніі і розных куткоў амерыканскай Лаціны, дадаючы туды і нешта ад маўрытанскай самбры і нават італьянскай карманьёлы. Тады яна гэтага не ведала. Але Іспанія таямніча высверквала з ілюстрацый дэ Сервантэса, са старонак Мерымэ, ледзь не кожны дзень нагадвала пра сябе знакамітай сегідыльяй Бізэ. Пазней Іспанія казытала ўяўленне рэпрадукцыямі і альбомамі Гоі і Сальвадора Далі, фіестамі і карыдамі на старонках Хемінгуэя. А потым магутна плынула кніжнай лавінай: Гарсіа Лорка, Рафаэль Альберці, Мігель дэ Унамуна, Рамон дэль ВальеІнклан, Піа Бароха… І іх моўнымі калегамі з-за акіяна: Алеха Карпенцьер, Гарсіа Маркес…

      А свае інтуітыўныя харэаграфічныя практыкаванні ўжо ў сталым узросце Дана згадвала, калі глядзела Антоніа Гадэса і Крысціну Оес – іх танец пераўзышоў усе самыя палкія яе ўяўленні. А тады… на яе незабыўнае ўражанне зрабіла крэолка з фантастычным найменнем – Ісідара Каварубіа дэ Лос-Ланос. Сюжэт Майна Рыда не вымагаў да крэолкі асаблівых сімпатый, павінны былі падабацца Морыс Джэральд і Луіза Пойндэкстэр, але ў памяць запала гэтая красуня. І вярэдзілі ўяўленне таямнічыя, ваблівыя назвы: савана, серапэ, гасіенда, прэрыя, пампасы… Іспанізавана-англізаваная, з індзейскім каларытам гэтая мясцовасць – Тэхас – ва ўяўленні Даны чамусьці супадала з настойлівым наступам гукаў Равэля.

      «Балеро» Дана танчыла з задавальненнем. Публіка не шкадавала апладысментаў. Дана – нават тады – разумела ім цану. Ну, хіба можна не захапляцца талентамі гаспадарскай дачкі? Тым больш што добраму настрою спрыялі смажаныя качкі і пульхныя пірагі і мноства розных прысмакаў і іскрыстыя хатнія наліўкі. Крамы ў гарадах не ламіліся ад харчу. І гэты кірмашова-хатні пяропых, выключна раённага, местачковага шкталту, пасля пасяджэнняў па дванаццаць гадзін запар – хіба ж ён не схіляў да авацый? Да таго ж Дане пасавалі вузкія, упрыцён, чорныя нагавіцы з высокім пасам, са старых дзедавых, белая матчына блуза і тая ж самая аксамітавая камізэля з блыскаткамі. Гэта было падобна на гульню – нават на тэатр.

      Тут, у пакоі, маці таксама была вясёлая, бадзёрая, ззяла ўсмешкай, гасціннасцю, любасцю. Ажно Дана ведала і той бок гасціннасці, па-за заслонай. Ніна касавурылася і кволілася, як толькі падаваўся знак пра гасцей, і маці смажыла, мясіла, выпякала, упрыгожвала, раскладвала – тут Ніна і сапраўды не мела ад матухны-прыроды і намёку на густ. А маці стамлялася, злавалася, шыкала на ўсіх – і Дана ненавідзела