Аднаго разу, калі ён на золку вяртаўся дадому, пэўна, яшчэ адчуваючы на сэрцы Хвілюсішына дыханне, са свайго падворка на вуліцу выглянула Алена Германка, бліснула на яго вачыма і гучна войкнула:
– Барыс, шэльма, сораму на цябе няма! Толькі дамоў валачэшся? Ганьбу Ганне нясеш!..
– Дзеўка, а табе што да таго?
– Ге! А вось убачыш, калі мы з Ганнай звяжам цябе, бугая аблуднага, ды выражам ніжэй крэсла тую забаўку! Я памагу Ганне!
Барыс прыпыніў крок і, надзімаючы пагрозліва шчокі, вырак:
– Заб’ю!
– Ох, напалохаў!
Сапраўды, Алена, ягоная суседка, была не з палахлівых, наадварот, мела шмат ваяўнічай энергіі, порсткасці ды ініцыятывы. Такім палец у рот не кладзі! Яна і на самой справе магла б споўніць сваю пагрозу. З такой стане… Ай, і трэба ж вырадзіцца блазну ў спадніцы! А галоўнае – на якую патрэбу?
Ні для каго не было сакрэтам прозвішча – Германка… З вуснаў у вусны ў мястэчку перадавалася легенда нітавання лёсаў людскіх падчас сусветнай зацятай бойні. Праўда, Барыса ў той далікатнай гісторыі ўражвала найперш існаванне нейкіх няпэўных, нябачных, нягучных, непадуладных дотыку ведамак, інфармацыйных ніцяў, каналаў, неспазнаных стасункаў у свеце…
Тры гады стаялі ў Моталі адборныя кайзераўскія войскі, салдаты – адзін у адзін – па два метры ростам. Мундзіры, каскі – бляск! Дзяўчаты аж млелі на зборнях, паглядаючы на іх, і была любоў міравая. Адзін з юрлівых кайзераўскіх ваякаў, высокі, ладны, як і ўсе, з саламяным чубам, прычасаным набок, захапіўся Германчынай маці Агапай; вядома, Алены тады на свеце яшчэ не было. Ён почасту заходзіў у хату, дзе жыла прывада. Яна жыла разам з першай дачушкай сваёй ды свякрухай і свёкрам, а іхні сын Даніла (муж Агапы) тым часам карміў вошай на Мазурскіх балотах, праз якія праходзіў фронт.
Час быў цяжкі – мышы і тыя каліва не мелі ў запасе. Таму ў радасць было, калі той ваяка прыносіў на спажыву сям’і кансервы, хлеб ці іншы вайсковы правіянт; натуральна, ён меў да сябе прыхільнасць згаладалых людзей, асабліва Агапы, будучай Германчынай маці, яна даўно сумавала па мужчынскай ласцы.
Невядома, аднак, на якіх там рубяжах, што займала расейскае войска, завітала да салдат цыганка. Аднаму за адным яна пачала прарочыць, што наспела яму і што ў яго дома. «А табе, Данілка, вось што скажу, – сказала Данілу. – Тваё шчасце, што цябе лёгка параніла. Ведай, табе была наканавана дамавіна. Толькі ж у цябе дома якраз у той момант нарадзілася дзіцё, і з-за яго ты жывым застаўся».
Даніла – цыганцы: «Не можа быць, ты маніш! Але няхай… Я заплачу». А цыганка – яму: «Калі ты не даеш веры таму, што я сказала, грошай у цябе не вазьму. Толькі ж я, Данілка, шчырую праўду адкрыла: у тваёй жонкі нарадзілася дзіцё якраз у хвіліну твайго ранення, а табе была наканавана магіла». І расказваў далей Даніла… Цыганка абвяла позіркам астатніх салдат: «Хоць вы і не з адной вёскі, але калі пасля вайны пацікавіцеся, – да канца сваіх дзён помніць будзеце