– Ну і што было на Беларусі? – думаючы цяпер пра нешта сваё, пацікавіўся гаспадар.
– А нічога больш страшнага не было, калі не лічыць прыгод з братам Віктара Кораня.
І Ладзя Палто расказаў новую гісторыю.
У Кораня ў Менску жыў і настаўнічаў брат Нупрэй. Віктар знайшоў свайго брата, але той пры сустрэчы спалохаўся так, што аж спалатнеў, аж затросся. Справа ў тым, што ў гэтых двух братоў недзе дома, у памежжы, яшчэ былі браты. І двое з тых памежных склалі ды нейкім чынам перадалі Нупрэю ў Менск ліст, у якім выказвалі гонар за яго, сталічнага настаўніка роднай мовы, і пісалі, што неўзабаве таксама пакінуць родны кут і прыб’юцца да Менска; яны спадзяваліся на Нупрэеву дапамогу ў сталіцы пры ўладкаванні на працу.
Прачытаўшы той ліст, настаўнік Нупрэй зразумеў усю небяспеку: як толькі прыйдуць браты, яму не мінаваць ГПУ і ён загрыміць на Салаўкі або ў Сібір разам з братамі, такімі вумнякамі. Іх палічаць за польскіх агентаў. Абавязкова! І гэта было для яго настолькі відавочным, што душу ахапіў жах. Многія з ягоных знаёмых зазналі арышт і ссылку па нейкіх падазрэннях, надуманых злосных даносах і наогул невядома, як і па чым.
Сустрэча з Віктарам, які ўцёк з лагера, была яшчэ больш небяспечнай, і таму, крыху авалодаўшы духам, ён прастагнаў:
– Братове! Я хачу жыць, а вы ляціце сюды, як матылькі на агонь! Ды святло ж зманлівае! Пасля вашых візітаў мяне ўмомант абкруцяць, аблытаюць павуцінай ілжы, і ўсе мы патрапім туды, куды Макар цялят не ганяў. Не-не, я не магу больш, я не магу жыць у страху і вучыць дзяцей веры, якой сам больш не маю. Сапраўдны свяцільнік павінен несці людзям святло, а не ўцягваць нявінныя душы ў полымя!
І пасля такой тырады Нупрэй паспешліва забегаў па пакоі, збіраючы свае дробныя халасцяцкія рэчы ў пацёрты салдацкі мяшок.
– Не-не, баста! Не магу! – стагнаў ён, як не ўсхліпваючы. – Апошняя кропля! Чуеце? Твой прыход, Віктар, – апошняя кропля! Я не віню цябе, не, і тых сваіх не віню, бо яны сляпыя. Не, не кажыце, усе мы падманутыя, а жыццё аднойчы чалавеку даецца… Так, аднойчы! І таму няхай прабачае мне Мікалай Астроўскі, гэты святы, гэты баян рэвалюцыі, а я іду з вамі!
Падобна, што за сталом у Пісарчукоў вандроўнік па пакутах Уладзімір Палто выказаў усё, што было на душы. Таму ён адчуваў адначасова палёгку і ўтому. Яму не хацелася больш гаварыць, і калі Паўлюк з усепераможнай усмешкай яшчэ спытаў у яго пра Нупрэя – настаўніка, ці вярнуўся ён у вёску да сваёй радзіны, як хацеў,– той адно ў пацвярджэнне кіўнуў галавой.
Барыс разумеў хітры ход бацькі з запрашэннем у свой дом брата Андрэя, які ўцёк з камуніі, і нервова барабаніў пальцамі па стале: нешта не так, зусім не так у марах-летуценнях уяўлялася яму камунія. Шкада! Цяжка даць веры… Тым часам у яго не было сумненняў, што Палто расказваў праўду. Толькі гэтая праўда ламала ўжо штосьці ў самім падмурку