Вунь ад самага світанку грабуцца, уз’язджаюць на местачковы пляц каралевы Боны фурманкі селюкоў, гэта значыць сялян з наваколля, яны вязуць яблыкі і іншую садавіну ды гародніну. З гэтых селюкоў акурат і пачынаецца шматлюдны і шматгалосы кірмаш, туды і Пісарчук завітае.
А ў самой царкве і на цвінтары люд гудзе, нібы пчолы ў вуллі. Над усім – хваласпеў святароў і царкоўнага хору. І яшчэ, і яшчэ цягнуцца сюды свежа ўмытыя і прыстойна апранутыя вернікі. Амаль у кожнага з іх у руках белая хустачка, напакаваная садавіной як завязаць.
Ідзе ютрань, пры сканчэнні якой светары робяць паўгадзінны перапынак, дзеля таго, мусіць, каб хто яшчэ не прыдбаў яблык, маглі купіць іх на кірмашы. Пасля перапынку – чарга царкоўнай літургіі, пад час якой народ атрымае прычасце, адпушчэнне грахоў. Працэс доўгі па часе, як што людзей шмат. Пасля літургіі, з царскіх варот выяўляючыся, паволі набірае крок адмысловы хрэсны ход. Мужчыны нясуць харугвы, крыжы, царкоўны ліхтар, жанчыны – абраз Багародзіцы ў вялікай разной з пазалотай бажніцы. Цвінтар поўны народу. Абраз умацоўваюць на ўкладныя насілы і ўздымаюць высока. Некаторыя вернікі стараюцца прапаўзці на каленях пад абразам.
Святар асвячае кожны бок храма.
Крэсны ход, ідучы супраць ходу сонца, тройчы агінае царкву.
Крэсны ход па чарзе спыняецца каля заходніх, цэнтральных, усходніх варот – людзі ўздымаюць над сваімі галовамі яблыкі ў белых хусцінках і святар у бліскучым убранні, ступаючы, бы той цар, свяшчэннадзейнічае, узмахваючы крапілам. У яго адпаведныя словы пропаведзі, адно зрэдзь ён устаўляе і сваё тое-сёе. Як зазвычай бацюшка шчодры і акрапляе святою вадою не толькі садавіну, але быццам бы незнарок і саміх прыхаджан, дзядзькоў, маладзіц, апошнія пераважаюць і рэагуюць на святы дождж пудка – зляканымі і радаснымі воклічамі.
Але ж і за цвінтаром, перапоўненым, тлумным, – людзі трымаюць у руках белыя, напакаваныя яблыкамі хустачкі – чакаюць; таму хрэсны ход падаецца з варот на вуліцу. Свята, шчырасць, шчодрасць! А над усім – асвячэнне. Урэшце, садавіна і там акроплена, тады харугвы разам з бацюшкам паварочваюць назад. Усё – чын па чыну!
Гурма людзей цяпер падзяляецца на два рукавы, і адны шыбуюць на Усходнія могілкі, другія – на могілкі на Муравятніцы, апошнія непадалёку ад хаты Пісарчукоў. Местачкоўцам рупіць адведаць нябожчыкаў і пакінуць ім на грудках святочны пачастунак, якога тыя з нецярпеннем чакаюць; потым ужо з лягчэйшай душой, бо споўнены пачэсны абавязак, людзі шыбуюць дадому. Гаспадыня накрывае святочны стол. Па традыцыі, якая магчыма мае месца і далей ад Моталя, на яблычны Спас да роднага парога збіраюцца ўсе, дзе і як бы далёка хто ні жыў. Толькі Пятру, мусіць, не суджана будзе дачакацца свайго роднага і адукаванага брата Нічыпара, які