Пакутны век. Трылогія. Васіль Якавенка. Читать онлайн. Newlib. NEWLIB.NET

Автор: Васіль Якавенка
Издательство: Электронная книгарня
Серия:
Жанр произведения: Современная зарубежная литература
Год издания: 2009
isbn: 978-985-6010-30-2
Скачать книгу
У Моталі ж яго ведалі як дэпутата 1-й Дзяржаўнай Думы Расеі.

      Яшчэ са студэнцкіх гадоў у Пецярбургу ён шукаў дружбы ў нацыянальна свядомых беларусаў, а неўзабаве і сам згуртаваў вакол сябе патрыётаў сваёй зямлі. Яны заснавалі ў Менску вясной 1917 года Беларускі нацыянальны камітэт, што стаў першай ластаўкай на шляху самавызначэння беларусаў. Скірмунт сабраў і правёў улетку гэтага ж года сялянскі з’езд. Так ці інакш ён закладваў падмурак для Першага Усебеларускага з’езда, скліканага па нацыянальных пытаннях у снежні 1917 года.

      Багата што з памянёнага заставалася ў памяці мясцовага люду, у памяці прасветленай і пакуль яшчэ не зашэрхлай ад часу. Зрэдку з нейкай там нагоды гісторыя ўзварушвалася рознымі даходжымі людзьмі, выклікаючы неадназначныя меркаванні і спрэчкі ў мотальцаў, пераважна яўрэяў, якія вызначаліся адмысловай палітычнай дасведчанасцю. Гутаркі шырокага плана вяліся і ў бацькавай хаце, найчасцей – пры ўдзеле Лазара ці Абка, што жылі на адной з Пісарчукамі вуліцы. Вядома ж, увага і прыцэл мясцовых мысляроў былі найперш да памешчыка Скірмунта, бо, як вядома, пры ўсіх сваіх палітычных узлётах і няўдачах, можа, нават падзеннях, Раман Скірмунт заставаўся іхнім земляком і суседам. Таму і выказваліся пра яго шмат, прычым мотальскаму люду цікавым падавалася тое, што са сваімі слугамі і сялянамі знаны ў свеце пан заўжды размаўляў на беларускай мове, якой іншыя паны грэбавалі.

      У дзень перад Спасам, асядлаўшы каня, Барыс Рамановіч падаўся паўз гумны на аселіцу і адтуль – на дарогу, што тонкай ніткай прашывала і лес, і вёску Моладава, вілася ўздоўж Ясельды, а потым праз новы лясок выводзіла на Парэчча. Як бытта нашаму купцу-малайцу Барысу рупіла паглядзець у бліжэйшых вёсках на крамы, паглядзець на тавар, параўнаць асартымент і цэны з мотальскімі цэнамі. Бацька ж, акрамя таго, прасіў Барыса наведаць у Парэччы перакупшчыка Клямку ды пацікавіцца ў яго, на якіх умовах ён бярэ мёд для вывазу на пінскі рынак і далей, у Польшчу. Сам гаспадар Пятро не меў асабліва часу, каб ездзіць ды вывучаць рынак, дый, праўду казаць, не любіў ён гандлярскага клопату.

      Конь пад Барысам ішоў то машыстым крокам, то бег трушком, і думкі хлопца скакалі, пераносячы яго штораз на вечаровую мотальскую зборню. Там, у асяродку бойкіх жаніхоў ды харашунь-нявест, было ўдосталь вясельнага клёку.

      У прыпеўках і песеньках, з якімі дзяўчаты завіхаліся ў танцах, чуліся імітацыя жальбы, скрухі, а разам і цнатлівая гарэзлівасць. Барыс карыстаўся не абы-якой увагай маталянак, і таму многае, пра што яны спявалі, здавалася скіраваным проста да ягонага сэрца, кранала мілагучнасцю, шчырасцю:

      Ой, скакала на таку

      Ды на беленькаму,

      Выплакала чорны вочы

      Ды па міленькаму.

      Ад пільнай увагі дзяўчат ягоны настрой нявесціўся і злёгку кружыў яму голаў.

      Пры пад’ездзе да Парэчча Барыса нагнала пралётка. Яна выскачыла порсткім трушком з гаю. Наш купец збочыў і прыпыніў свайго гнядога, каб прапусціць пралётку;