– Во дзіва было! – усклікнуў Барыс.
– Шо яшчэ?.. Да з’яўлення Міндоўга шлях сюды, у Полацкае і Тураўскае княствы, на Берасцейшчыну, Мазыр, Сураж, пракладвалі з Прусіі ваяўнічыя князі Кернус, Мінгайла, Рынгольт – бацька Міндоўга, а таксама князь Скірмунт, ад якога мой род.
– Што вы кажаце?!
– Шо чуеш… Расейскі гісторык Салаўёў, вывучаючы летапісы, зазначыў: на пачатку дванаццатага стагоддзя зафіксавана каля трох дзесяткаў налётаў «літоўцаў» на Полацкае княства. Тыя налёты й скончыліся ўрэшце на Міндоўгу. На ўтварэнні тут новай Русі, шо стала звацца Літвою. Мой дзед называў палабскіх славян каланістамі. Каланісты змяшаліся з мясцовымі плямёнамі і рэшткамі балтаў. Вось табе повязь плямёнаў, у якой галоўную скрыпку ўжо гралі прышлыя на чале з Міндоўгам. Яны і заснавалі Вялікае Княства Літоўскае і Рускае са сталіцай у Наваградку, потым – у Вільні. Уяўляеш?.. Нас часам называюць продкамі русаў. Мы стварылі краіну, сфарміравалі народ, за які і сёння нікому не сорам. Адно на ўсход і на поўдзень ад нас жылі маскавіты і русы… русы таксама – на землях Украіны. Царква у нас была адна – руская. Толькі там ужо іншыя варункі гісторыі.
Барыс слухаў сцішана, раскрыўшы рот: гэтак глыбока чалавек залез у мінуўшчыну! Ажно дух захоплівала. Не ўсё проста ўкладвалася ў памяці.
– Расейскія землі засялялі мала цывілізаваныя плямёны фінска-цюркскага паходжання. І яны спакваля паддаліся славянскай каланізацыі. Яе распачалі з Ноўгарада палабскія славяне з вядомым князем Рурыкам з Любека, а паўднёвей моцны ўплыў аказала Кіеўская Русь, ад якой маскавіты і перахапілі назоў – Русь. Зрэшты, у Расеі на ўсё гэта напушчана шмат туману, – тлумачыў пан, – няхай яго пярун растрасе! Імператрыца Екацярына II паставіла перад сваімі вучонымі задачу: перарабіць на паперы мінуўшчыну на карысць Расеі. Хіжая імперыя адсекла ад нас памяць, збэсціла гісторыю, замяніла ў ХІХ стагоддзі назву Літва на «Белоруссия», а потым наогул – на Паўночна-Заходні край.
– А што, пане Раман, і Літва славянскім племем была?
– Ды не, Барыс – Пятроў сын, як ні дзіўна, у гісторыі ўсё пераблыталася… А ты, напэўна, пра сучасную Літву?..
– Так.
– На тыя даты, калі мой далёкі продак хадзіў на ўсход, Лютвою, або Літвою называлі палабскае ваяўнічае племя люцічаў, якое межавала з лужыцкімі сербамі. Ёсць меркаванне, шо тая Літва перапаўзла па ўзбярэжжы Балтыйскага мора ў Прусію і трапіла пад уладу Міндоўга. Таму Міндоўг, каланізуючы далей разам з Літвою ўсходнія землі, і назваў дзяржаву Вялікім Княствам Літоўскім і Рускім, уважаючы на разлеглую Палабскую Русь. Да ВКЛ потым дадалося яшчэ і слова «Жамойцкае», гэта калі ў 1411 годзе Жамойцію, пра якую ты спытаўся, далучылі да Вялікага Княства… Толькі ў 1918 годзе яна прыгарнула сабе згубленую намі назву «Літва».
– Дзякуй…