– Душа ў нас добрая, – уздыхнула цётка, папраўляючы на Буянчыку вупраж. – Адыходлівая. Хутка зло забываем.
Не, я яшчэ не забыў. Я ўсё помню. I калі б мая воля, дык накарміў бы іх, напаіў і на дарогу даў, каб помнілі.
– Ой, грэх цяжкі,– засмяялася цётка. – Ён бы ўжо даў! Маўчы лепш, давака.
I яна, па-мужчынску прыцмокваючы, тузанула за лейцы.
У хату яна ўцягнула мяне на спіне, як мяшок, і пасадзіла на ўслон. Ад радасці бабка мітусілася туды-сюды, доўга і бесталкова распранала, хапалася то за гузікі, то за хустку, то за падпяразку; не развязаўшы, бралася расшпільваць, не расшпіліўшы, кідалася сцягваць рукаў. Нарэшце ўсе мае ўборы – хусткі, шапка, стары дзядзькаў армяк, світка і паддзёўка – з мяне зняты, звалены на падлозе ў кучу, і старая гаротна пляснула ў далоні:
– А ліха ж ты маё! Ну кашчэй кашчэем! Ці там нясмачна гатавалі, ці мала давалі. Га?
– На жывой касці мяса будзе расці,– супакоіла старую цётка. Але тая толькі махнула доўгім зашмальцаваным ля печы рукавом «хрэнча». Разумець гэта трэба так: самой бабулі там не было – і толку няма, адна бесталкоўшчына. Хіба ж чужы так дагледзіць, як свой?
А Глыжка вырас – проста дзяцюк. Штаны сталі яму кароткія, рукавы кашулі – таксама. А шыя, як у гусака, доўгая і па-ранейшаму нямытая.
– Лянуецца ўмывацца, – паскардзілася бабка. – Вочы, як той кот лапай, трохі пратрэ, і ўжо ён гатовы, умыўся.
Глядзі ты – ён і «р» вымаўляць навучыўся, так старанна «рэкае», быццам Скокаў Калчан, калі яго дражніш.
– Пр-р-рыехаў? – спытаў Глыжка і, нібы не верачы вачам, дакрануўся да майго калена. Хацеў, відаць, падлашчыцца.
– Прыехаў,– пацвердзіў я.
– Ачуняў?
– Ачуняў,– кіўнуў я.
Брат заўсміхаўся. Ён проста не ведае, чым перш-наперш пахваліцца: столькі ў яго новага. Спачатку выцягнуў з кішэні белую алюмініевую гільзу, якой надзяліў яго начлежнік-салдат.
– Глянь, р-р-ракета!
Затым прынёс самаробны канёк – драўляную калодку з драцяным палазком.
– Глянь, Санька мне змайстр-р-раваў.
Пахваліўся новымі зеленаватымі латкамі на каленях: салдацкія. А калі ўжо хваліцца, здавалася, не было чым, адкрыў рот і паказаў туды пальцамі:
– Глянь, новы зуб р-р-расце.
I раптам Глыжка сказаў мне такую навіну, што бабка аж з месца падхапілася, быццам на яе варам лінулі. Здаецца ж, і ціха брат сказаў:
– Мы твой кр-р-рыж Малахам пазычылі.
– Прыкусі язык свой нямыты! – застукала бабка па стале кулаком.
Глыжка прыкусіў, вінавата заплюскаў вачамі. А потым, калі мяне накармілі з дарогі і мы з ім залезлі на печ, я ўсё роўна пра ўсё выпытаў. Аказваецца, па мяне ў бальніцу ездзілі двойчы: першы раз – па мёртвага, а сёння – па жывога.
Першы раз усё выйшла праз Чмышыху, нашу набожную суседку. Тая хадзіла на базар купіць солі, а бабка ўпрасіла яе перадаць заадно мне ў шпіталь два праснакі. Чмышыха праснакі прынесла назад, а разам з імі і «святую праўдачку» пра мяне. «Няма