– Атмасфера цяпер другая. Цяпер у немцаў не тая геаграфія, што ў сорак першым, – даказваў ён салдату.
А салдат лічыў, што «геаграфія» ў іх яшчэ не такая і кепская. Вось заселі за сотню кіламетраў адсюль пад Рагачовам, закапаліся ў зямлю, і не ўкусіш іх, не ўгрызнеш ні з якога боку. Вось табе і «геаграфія»! На гэта дзядзька пераканала адказаў:
– Канвульсіі.
Аж не верыцца, што дзядзькі болей няма на свеце.
– Ну во… ну во… – бегае па хаце бабка. А цётка зноў уголас:
– Ды як жа мне быць, ды як жа мне жыць ды чараду дзяцей расціць? А як жа мне яго з бальніцы прывезці? Ані каня ж у мяне, ані вала…
Надта холадна мне сёння. Век бы не злазіў з печы, калі б не цётка, калі б не гэты яе голас. Мабыць, трэба памагчы. Двое меншых яе таксама ляжаць снапамі, а большаму – Хвядосу – гэтулькі ж, колькі і нашаму Глыжку. Куды яму! А я запрагу Буянчыка і прывязу.
– Не прыцягне, – усумнілася бабка.
– Прыцягне! – упэўнена адказаў я, ператрасаючы на печы рызманы: недзе згубілася шапка.
Дзед Мікалай з месяц таму пачаў запрагаць стрыгунка; зрабіў яму невялікі хамуцік, прыладзіў да саматужных санак аглоблі, сена ношкі дзве пакладзе і вязе з лугу. Спачатку, праўда, жарабок брыкаўся, кідаўся ў бакі, падаў на калені. Цуглі ў зубы далі – змірыўся. Дзе ж ты дзенешся, калі трэба?
Гледзячы, як жарабок аж выпростваецца ў вазку, сапе і макрэе, стары сам упрагаўся побач і ўсё ўздыхаў:
– Малеча горкая. Гуляць бы табе яшчэ ды гуляць. Толькі што тут папішаш, калі вайна? Яна нікому ў зубы не глядзіць: ні малым, ні старым.
Так, вайна не глядзіць. Вось дзед Мікалай хваліўся, што яго цяпер ніякая хвароба не возьме: перахварэў і сыпняком, і нейкай іспанкай яшчэ ў першую сусветную, пры цары. Але злёг і дзед. Другі тыдзень не вылазіць з зямлянкі. Калі б на нагах быў, можа, ён сам сёння паехаў бы. А так мне выпадае, я адзіны мужчына на ўсю радню.
…Спіна і бакі Буянчыка ўзяліся інеем. Ад марозу зліпаецца ў носе. У дзядзькавай світцы і вялізных стаптаных валёнках я сяджу на абярэмку сена і цмокаю на жарабка. Па гладкай дарозе санкі бягуць ходка, затое на ўхабінах не конь цягне іх, а яны цягнуць за сабой каня. А на галалёдзе Буянчык бездапаможна коўзаецца, раскірэчваецца, увесь трымціць і часта дыхае, пускаючы з ноздраў клубы пары.
Эх ты, стрыгунок Буянчык! Выходзіць, што дзедава была праўда. Не стаў ты баявым канём, не хадзіць табе, пэўна, у атакі, не таптаць ворагаў капытамі. Надзелі табе хамут да пары, не далі пагуляць і набрацца сілы. Дзедава праўда. Толькі ты не журыся, брат, – пераб’ёмся, перабядуем. Нам з табой абы да вясны, а там будзе сонца і шчаўе. Нам з табой абы бацька прыйшоў з вайны, а там не прападзём!
Цётка