– Гэй, варушыся, малы!
Абапал вуліцы замест дамоў закураныя сцены камяніц. Вольна гуляе ў руінах вецер, барабаніць кавалкам іржавай бляхі, што вісіць на самым карнізе былой пошты.
Адна за адной мяне абганяюць машыны. У кузавах заснежаныя, як дзяды-марозы, салдаты панастаўлялі каўняры кажухоў, пахавалі рукі ў рукавы.
Затым пайшлі цягачы з гарматамі, грузавікі з накрытымі брызентам кузавамі. Во сіла, дык сіла! Не, не тая, як казаў дзядзька, цяпер геаграфія.
На скрыжаванні дзвюх вуліц махае сцяжкамі дзяўчына ў белым вайсковым кажушку, у валёнках і з карабінам за спінай. I так у яе прыгожа выходзіць, што я аж рот разявіў і тут жа ледзь не трапіў пад колы машыны. Грузавік, аб’язджаючы мае санкі, па восі зашыўся ў снег, рыкнуў усім сваім жалезным нутром, напусціў дыму і паехаў далей, а рэгуліроўшчыца наляцела на мяне.
– Куды прэшся? Куды прэшся? Ану – звярні сваё кацяня! Ух ты – храбрая. Разышлася, як халодны самавар. Буянчык – ёй кацяня. Бачылі мы такіх. Усё гэта я хацеў ёй сказаць, але прамаўчаў, узяў жарабка за аброць і з’ехаў з дарогі ў снег.
А машыны ідуць і ідуць, дзьмухаюць мне ў твар бензінавым чадам, замятаюць снежным пылам. Буянчык пужліва водзіць вушамі, быццам збіраецца ўпудзіцца.
Не пяспела мінуць калона, як рэгуліроўшчыца падбегла да санак.
– Ты што – аслеп? У цябе вочы павылазілі, жаўтароцік?
I раптам, глянуўшы на доўгія дзядзькавы ногі, што тырчалі з-пад посцілкі, асеклася, заплюскала белымі ад інею вейкамі.
– Бацька?
Я быў сярдзіты на яе. Толькі што і кацяня, і жаўтароцік, а цяпер, бачыце, спачувае.
– А табе што?
Глянуў на дзядзьку – ці не згубілася шапка? – і цмокнуў на Буянчыка.
На былым аэрадроме лётчыцкія дамы глядзяць пустымі праваламі акон. Скрозь праломы ў сценах відаць разбураныя лесвіцы; абгарэлыя жалезныя бэлькі пакурчыліся ў агні пажару. На цаглянай сцяне выведзена белай крэйдай: «Мин нет». Сярод руінаў на дроце гойдаюцца акасцянелыя споднікі і ручнікі: вымярзаюць пасля мыцця. Глядзі ты – нават тут, сярод гэтага халоднага камення, жывуць людзі!
К вечару разгуляўся вецер. У полі цераз дарогу бягуць белыя ўспененыя ручаіны снегу. Мой жарабок зусім змардаваўся, спатыкаецца, як сляпы, спыняецца на кожным кроку, ужо двойчы падаў на пярэднія ногі. Заспее ноч, саб’ёмся з дарогі – тады бяда. Або замерзнем, або – ваўкі. Кажуць, што яны зараз гуляюць начамі і ў полі, і нават па сяле. Наша суседка Чмышыха, якую мы