Зязюля пракукуе заўтра… (зборнік). Анатоль Кудравец. Читать онлайн. Newlib. NEWLIB.NET

Скачать книгу
маўчыць, адданымі мяккімі вачыма саграваючы свайго падабароннага.

      Сядзелі за сталом, выпілі самагонкі, закусваючы салам і зялёным цыбульным пер’ем. Гаварылі, перабіваючы адзін аднаго, нібы стараліся запоўніць пустату часу паміж апошняй і гэтай сустрэчамі.

      Віктар прынёс, можа, з дзясятак сваіх вершаў і накід тлумачальнага слоўніка клічаўскай гаворкі. Гэта былі словы, якія рэдка сустракаліся ў літаратуры, а шмат якіх нідзе, акрамя як на Клічаўшчыне, мне чуць не даводзілася.

      «Вякнуў, вымерхаўся, карнавухі, посік, пэлька, суравое, сіціцца, чылы…» Канечне, для слоўніка іх было замала, ды і наогул выпусціць слоўнік, сабраны нейкім настаўнікам, мне здавалася, проста немагчыма. Я сказаў пра гэта Віктару, і ён надзіва лёгка пагадзіўся са мной. Відаць, сам разумеў гэта.

      З вершамі было яшчэ цяжэй. Не толькі таму, што яны былі нейкія занадта простыя. Нібы падражанне ранняму Кандрату Крапіве. Яны расказвалі пра тое непрыгожае жыццё, якім жыла вёска. Расказвалі не то жартам, не то ўсур’ёз. Пра цётку Хрысціну, якая гоніць і прадае самагонку, каб заплаціць падатак. Пра школьнікаў, што ідуць босымі нагамі па бруку райцэнтра, каб купіць падручнікі, і не знаходзяць іх. Пра цётку Грыпіну, якую на вачах у людзей набіў старшыня, і ніхто за яе не заступіўся. Усё гэта была праўда, голая праўда, во яна кругом, куды ні паглядзі. Але… Мне здавалася, што ў вершах трэба пісаць пра нешта іншае – прыгожае, узнёслае. Як у Багдановіча: «Мне доўгае расстанне з вамі чарней ад вашых чорных кос…»

      Было ў Віктаравых вершах такое, што адкідвала мае літаратурныя эмоцыі ўбок. Ва ўсіх вясковых бедах ён бачыў канкрэтных вінаватых. Імі былі камуністы і рускія.

      – Пры чым тут адны і другія? – гарачыўся я. – Дрэнна жывём, бо такое жыццё. Была вайна, усё разбіта, развалена. А цяпер – глядзі…

      – Што «глядзі»? На што «глядзі»?

      – Хлеб ёсць. Во, бачыш, сала…

      – Наеліся, аж з глоткі тырчыць.

      – Не тырчыць, але жыць можна.

      – А ты ведаеш, як трэба «жыць»? Як «жывуць» людзі?

      – А як яны жывуць?

      – Як? Па-людску. Разумееш, па-людску. Чалавек не павінен думаць, дзе ўзяць кавалак хлеба, каб не памерці з голаду. Гэта тое ж, як калі б ён думаў, дзе ўзяць паветра, каб дыхаць. Чалавек павінен думаць пра жыццё, якое яно прыгожае, якім яно павінна быць.

      – Адкуль ты ведаеш, якім яно павінна быць?

      – Ведаю.

      То была праўда: ён ведаў шмат такога, думаць пра што я і не здагадваўся. Ён выкладаў нямецкую мову і беларускую літаратуру ў сярэдняй школе пад Бабруйскам, вучыўся на завочным аддзяленні інстытута замежных моваў. Не толькі дзяржаў у руках, а і чытаў нямецкія, англійскія, французскія газеты. Збіраў матэрыял для тлумачальнага слоўніка… Пісаў вершы, надрукаваць якія не адважыцца ніякі рэдактар. І пра гэта я сказаў шчыра, як мог. Але каб хоць неяк змякчыць момант, параіў паслаць вершы ў якую-небудзь газету. А раптам?..

      – Нічога «раптам» не бывае. Я пасылаў ужо, – быў яго адказ.

      – Ну і што?

      – Вярнулі. Напісалі, што слаба.