Віктар аж свеціцца ад нейкай унутранай узбуджанасці, пазірае на свет вясёлымі вірлаватымі вачыма. Такое з ім бывала рэдка. Ён болей выдаваў чалавекам маўклівым і засяроджаным, а толькі тыя, хто быў блізка знаёмы з ім, ведалі, што гэта не зусім так. На ім новы ў дробную клетачку светла-шэры касцюм з накладнымі кішэнямі. Касцюм сядзіць як уліты і робіць яго сухашчавую постаць аскетычна-строгай і непадступнай.
Я ведаў, што ў яго раман з аднакурсніцай, дачкой аднаго з міліцэйскіх начальнікаў горада, – хуткай, стройнай дзяўчынай з русымі косамі на высока ўскінутай галаве. Дзяўчына не для кожнага, але такога хлопца, як Віктар, можна кахаць. Мне здавалася, што сам Віктар ставіўся да яе калі не прахладна, то спакойна, і гэта яшчэ болей узвышала яго ў маіх вачах. Толькі так і павінен трымацца сапраўдны мужчына!
– Я нядаўна бачыў цябе з Нінай, – сказаў я.
– Дзе? – Вочы ўсё тыя ж глыбокія, рудыя, паспрабуй разбярыся – смяюцца яны ці сур’ёзныя.
– Каля Дома культуры.
– А-а-а… Ну і што?
– Прыгожая. І лёгкая, як пліска. Здаецца: дзьмухні – і паляціць…
Віктар далікатным позіркам паглядзеў на мяне, усміхнуўся:
– А ты паэт… «Дзьмухні – і паляціць…» Далёка не паляціць. – І дадаў: – Прыгожая – гэта праўда. А што далей…
– Як «што далей»?
– А так. Яны надта шмат думаюць пра сябе і лічаць, што ўсе павінны думаць толькі пра іх. А гэта немагчыма, і жыццё не на адных бабах стаіць. Ды і цярпенне трэба, і яшчэ шмат што. Мама кажа проста: з прыгожай морды ваду не піць, трэба і да калодзежа збегаць.
– Ты сказаў «яны». Гэта што – усе дзяўчаты, усе бабы?
– Не, гэта метафара, гы-гы-гы. Ведаеш, што гэта такое?
– Гэта імя такое. Як Марфа ці Матруна, – пажартаваў я. – Ёсць у нас такія: адна гарбатая, другая касавокая.
Пра метафару я ведаў: сам складаў вершы. А вось пра «бабаў»… Гэта ад мяне было аддзелена таемнай сцяной, і, вядома, нічога путнага параіць яму я не мог. Ды, відаць, Віктару гэта і не трэба было, бо ён неяк неўпрыкмет перакінуўся на іншае:
– Вы геаграфію прайшлі ўжо?
– Праходзім.
– Мблыш чытае?
– Ага. Ведаеш, такі дзіўны дзед. «Устаў я неяк ранічкай, яшчэ да сонейка. Выйшаў па расе на бераг Біскайскага заліва. Салаўі аж надрываюцца, шпакі трэлі выводзяць. Сеў я пад бярозай і думаю: “Божа, усё тут добра, цёплае мора, высокае неба, прыгожыя пальмы, але дапамажы мне дабрацца да маёй роднай Беларусі!..”» – Сваім пераказам я спрабаваў падрабіць сіпаваты голас і расцяжную інтанацыю выкладчыка геаграфіі. – Дзе той Біскайскі заліў, дзе тыя пальмы. Гаворыць так, што можна падумаць, быццам ён і папраўдзе быў там, сядзеў пад бярозай і гэтак думаў…
– Дзіўны…