– У чым справа, Грынкевіч? – прабасіла ўскудлачаная галава ў адных дзвярах.
Непрыгожы выхапіў з рук бялявага вузкі канверцік.
– Уставайце! Ур-ра-а! Уставайце! У Вайвадса сын нара дзіўся!
Выраз нездавальнення знік з твараў. Бязладнае «ўра!» многіх галасоў пакацілася калідорам.
Вайвадс узяў з рук Грынкевіча вузкі канверт, прыціснуў яго да грудзей. Вочы яго блішчалі:
– Хлопцы, я вельмі… я вельмі. Словам, я запрашаю ўсіх у свой пакой выпіць са мною трошкі віна.
– Што ты, хлопча, – сказаў кудлаты, – позна ўжо. Мы лепей заўтра адзначым. Згода?
– Згода, – хітнуў галавою Вайвадс.
Галовы пачалі знікаць у дзвярах. Калідор стаў пустым і гучным. Два сябры стаялі і глядзелі ў вочы адзін аднаму.
Яны былі вельмі непадобныя адзін на аднаго – беларус і латыш. Беларус – высокі, хударлявы, з выразнымі, вельмі пластычнымі рухамі, з непрыгожым тварам, які прыкрашвалі толькі глыбокія, як на старых іконах, вочы пад цёмнымі бровамі. Латыш – ніжэйшы за яго, каржакаваты, з белым тварам і таўставатымі вуснамі. Вочы – блакітныя і вельмі ясныя. Валасы жоўтыя і мяккія, як лён, яўна пачыналі радзець. Выгляд надта сялянскі, але незвычайна добры і мілы.
– Пойдзем да мяне, Андрэй, – сказаў Вайвадс, – вып’ем на радасцях бутэльку вiна, пагамонiм.
Твар яго аж ззяў ад шчасця.
– Чакай, Яніс, – голас Грынкевіча, калі той не крычаў, быў мяккі, тэмбрысты і даволі ціхі,– я думаю, што нам трэба на якую гадзіну расстацца. Усё адно, відаць, мы ў гэтую ноч не заснём. Але ты спачатку не пра бутэльку думай, а пра жонку. Сядай, брат, і за гадзіну напішы ёй доўгі, вельмі добры ліст. Пра ўсё напішы. I як мы з табою апельсіны сёння на праспекце сеялі. I пра начны марш па калідоры. А я да цябе зайду праз гадзіну, тады і пагамонім.
– Бадай што, твая праўда, – сказаў Вайвадс. – А ты што рабіць будзеш?
– Я да Марыі Крат на хвіліну зайду.
– Чаго гэта сярод ночы?
Непакоiцца будзе. Я з апоўдня бы ў палонку юркнуў, не зайшоў, не сказаў – куды.
– Ведаеш што, – суха сказаў Яніс, – ты мне друг, і я, на правах друга, карыстаюся прывілеяй казаць табе праўду і толькі праўду. Не падабаецца мне ўся гэтая гісторыя, вось што.
– Чаго раптам?
– Яна не тая жанчына, якая табе патрэбна.
– Думаеш, я сам гэтага не ведаю, – з усмешкай сказаў Грынкевiч.
– Дык ты, можа, і ажаніўся б з ёй?
– Мне, брат, амаль усё адно, з кім ажаніцца… Вось сын у яе цудоўны. Як прыязджае – цэлымі днямі з ім дурэў бы… Зіркаты такі, вясёлы. I мяне вельмі любіць. Каб можна было, – узяў бы аднаго сына, без яе.
– Сваіх заводзіць трэба, блажэнны, – сказаў Вайвадс.
– Э-ех, брат, нічога ты не ведаеш, – уздыхнуў Андрэй.
– Дык вось ты мне і раскажы.
– Раскажу. Сёння ты ўсю душу мне разварушыў. Раскажу… пасля.
– І ўсё ж я не хадзіў бы.
– Зайду, – сказаў Грынкевiч, – праз гадзiну.
Вайвадс