Яны стаялі, успёршыся на балюстраду, перад імі плавілася ў сонцы рака, і здалёк, з царквы Купальніцкага манастыра, якая пакуль што яшчэ дзейнічала, даляталі па вадзе далёкія, зусім шкляныя ўдары званоў.
Гэтую дзіцячую ідылію перарвалі грымоты страшнай буры.
Бацькі Андрэя не паспелі эвакуіравацца: горад бамбавалі ў першую ж раніцу, а потым, вельмі хутка, насунуўся фронт…
Далей падзеі мільгалі, як у калейдаскопе.
Адзін з першых партызанскіх атрадаў у Асінавецкіх лясах. Маці – медсястра, бацька – падрыўнік і разведчык. Страшэнныя баі. Дарэмныя спробы сілай чатырохсот дрэнна ўзброеных людзей спыніць хоць частку навалы. Потым – блакада.
Двух хлопцаў-разведчыкаў, якiя пайшлi шукаць выйсця, схапiлi i пад іхнія крыкі: «За Беларусь! За Сталіна!» – расстралялi ля сцяны фельдкамендатуры.
Стала ясна, што даросламу не пралезці праз шчыльнае кальцо.
I тады бацька прыйшоў да маці ў яе «медпункт» – дзве прасціны, нацягнутыя пад сасной, – загадаў прывесці Андрэя, доўга маўчаў, гледзячы на яго прасветленымі вачыма, а потым сказаў жонцы:
– Ну вось, ты яго гераізму і самаахвярнасці вучыла… цяпер, хоць зарана, прыйшоў і яго час…
Голас бацькі гучаў іранічна і злосна, але маці ўсё зразумела. Страшэнна збялелая, яна глытнула нешта і, гледзячы ўбок, сказала:
– Не прыкідвайся іранічна настроеным. Я ад сваіх слоў не адмаўляюся. Ён самы моцны і самы разумны з дзяцей лагера. I ён мой сын.
Яна акінула позіркам ладную постаць Андрэя, глянула ў не па-дзіцячы сур’ёзныя вочы. Веі яе задрыжалі. Яна дадала:
– I ён будзе вельмі асцярожны.
I Андрэю пашанцавала там, дзе не пашанцавала двум хлопцам. Яму ўдалося прайсці праз заслоны ў вёску Ражкі і прывесці адтуль дзеда-правадніка, які ведаў другі выхад праз дрыгву, да якой іх прыпёрлі.
Потым было адступленне праз агонь, дзясяткі плытоў з людзьмі, якія плылі па вірлівай вадзе Дняпра, торкаючыся ў розныя бакі паміж соцень вадзяных слупоў, што ўраз то вырасталі, то спадалі.
Потым Андрэя з другімі дзецьмі перакінулі з першым самалётам праз лінію фронту: з вышыні ён здаваўся такім прыгожым ва ўспышках зенітак і рознакаляровых радках куль, якія трасіравалі.
Затым была Масква напярэдадні першай зімы: сляпыя вокны, сінія лямпачкі ў пад’ездах, ямы на аколіцах, абстракцыянісцкая мазаніна на плошчах, мазаніна, што павінна была ашукваць самалёты ворага.
А па начах пранізлівае выццё сірэн. Андрэю здавалася, што гэта апошні марсіянін у адчаі крычыць на вуліцах мёртвага го рада.
Дзіўна, але хлопец, у мінулым пяшчотны і ласкавы, як дзяўчынка, не баяўся ні сірэн, ні бамбёжак.